Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 71

Ольга Михайловна Ипатова

Задушлівы водар жоўтых сьвечак туманіў галаву. Сьцены маленькай цэркаўкі, з яе шэрымі сьценамі і багатым, у чырвона-залатых і сініх фарбах іканастасе, плылі, нібы стаяў ён, Альгерд, пасярэдзіне ладдзі, а грабцы штосілы граблі ў шэрым марыве зьвечарэлай ракі.

— Ня сьпі, вялікі князь, — перапыніўшы чытаньне, строга сказаў Нестар. Ліловая раса яго, абшытая залатой кручанай тасьмой, блішчэла, пералівалася ў жоўтым трапяткім сьвятле. І сьвяточнасьць адзеньня як разанула Альгерда, прымусіўшы яго яшчэ раз напоўніцу, да сьмяротнага холаду ў чэраве адчуць урачыстасьць і непаўторнасьць сьмерці. У кутах ціха зашалясьцелі гаворкай памочнікі Нестара і замкавыя слугі, што суправаджалі вялікага князя, — ім давялося колькі гадзін стаяць, гледзячы, як нерухома, сагнуўшы магутную сьпіну, колькі часу сядзіць немалады ўжо валадар ля цела жонкі. Ён сам зажадаў таго, а яны павінны былі з апошніх сіл трымацца, каб не зваліцца з ног і ня ўпасьці прама тут жа на каменную падлогу, засланую ля нябожчыцы карычневым тканым каберцам, а каля ног князя доўгай пушыстай дарожкай усходняга ткацтва.

— Я не засну, — азваўся Альгерд. — Ведаю, што малітвы нашы дапамогуць ёй падняцца да сьветлага Ірыю.

— Да царства Божага, колькі я ўжо казаў табе гэта, княжа! — гэтак жа строга запярэчыў Нестар, і доўгая ягоная барада нібы таксама выцягнулася, сівыя неахайныя пасмы раптам падаліся застыглымі клінкамі, а выцьвілыя старэчыя вочы бліснулі.

— Табе відней, Уладыка, — прымірэнча азваўся Альгерд. — Няхай ідзе ў царства Божае. Можа, і я спадоблюся некалі. Тады — сустрэнуся з ёю…

Ён ня гневаўся на япіскапа. Таму зараз нялёгка. Памерла яго заступніца, яго верная авечка, якая ўтрымлівала хрысьціянства пры двары нягледзячы ні на што. Яе накладам, яе клопатамі пабудаваны гэты храм, іканастас, упрыгожаны лепшымі майстрамі Вільні. А цяпер… Нябось, мяркуе сьвятар, прыкідвае — куды хісьнецца вялікі князь?

Сапраўды, Нестар думаў пра гэта і тады, калі ўпершыню занядужала Марыя Яраслаўна, думаў і цяпер, пры ейным целе. Рэчаіснасьць прымушала яго да вялікага роздуму аб тым, што станецца з ім і ягонай справай цяпер. Нават у час хваробы вялікай княгіні не ўдалося Нестару вызваліць з цямніцы братоў Кумца і Няжылу, а пасьля ейнай сьмерці наўрад ці стане яго трымаць пры двары і тым болей слухацца князь, якому патрэбная падтрымка насельнікаў Вільні, сярод якіх пераважная большасьць язычнікаў.