Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 67

Ольга Михайловна Ипатова

Калі ўзвысіцца Дзівейна, то Альгерд будзе цалкам у іхніх, сквапных і бязьлітасных руках. Так, Круглец цяпер мог казаць гэта пра жрацоў. Сьвяцілішчы былі поўныя каштоўнасьцяў, але летась, у голад, толькі маленькая часьцінка тых багацьцяў пайшла бедным людзям, але які шум паднялі жрацы, апавяшчаючы віленскі люд аб сваёй дапамозе!

Ды ён быў бясьсільны. Упершыню ён, знатны і магутны чалавек, адчуваў сябе пясчынкай на дарозе, якую можа ўзьняць і перанесьці куды захоча магутны вецер. Ён баяўся таго, што ягоныя з сястрой захады дапамагчы братам будуць выкрытыя жрацамі — у іхняй магутнай сіле ён пераконваўся ня раз.

Што, калі яны адкрыюць, што не раптоўна зьніклая служка Бярозка прыслугоўвала на княскай кухні, а ягоная сястра Уна, якую паўсюль шукалі выжлы Бурылы? Ёй бы трэба было зьехаць адсюль нашмат раней, была б цяпер яшчэ далей ад небясьпекі, але тады моцна трымаў яе тут Кумец. Яна не хацела шчасьця без яго.

І ён, ейны брат, быў таксама прывязаны да ўсяго, што раптоўна завязалася тугім вузлом здрады, хцівасьці і чужых планаў і зацягнула ў гэты вузел іх з Унай.

І ўсё ж ён вырашыў змагацца. Няхай ён загіне, ды затое ня як палахлівы заяц, што туліцца пад кустом у спадзяваньні, што яго не заўважаць драпежныя валадары лесу. Ды нават і заяц, калі выганяць яго з прыбежышча, аддае сваё жыцьцё толькі ўжо канчаткова змогшыся, аддае ў апошнім, сьмяротным, але высокім скачку. Няўжо ён, Круглец, здасца абставінам і замрэ, заляжа, ажно пакуль тугі вузел не захопіць яго горла ў пятлі, з якой ня выбрацца? Не, ён загіне ў адкрытым баі, ён будзе біцца да апошняга!

Дзьверы скрыпторыя выходзяць на лесьвіцу, а адтуль — усяго некалькі прыступак да пакояў вялікай княгіні, якія часта бываюць адкрытыя — у зачыненым пакоі яна задыхаецца. І ён вырашыў каравуліць ля дзьвярэй скрыпторыя і па магчымасьці назіраць ці хаця б чуць нешта з таго, што ў гэтыя дні віравала — ён адчуваў гэта — вакол княгіні Марыі.

На чацьвёрты дзень, адзінока седзячы ля адчыненых наўмысна дзьвярэй у вялікай залі, застаўленай куфрамі з кнігамі і сьпіскамі, бяздумна ўчытваючыся ў словы грэчаскага пергамена аб узяцьці вялікай Троі, ён пачуў шэпат, які, адбіваючыся ад вузкіх сьцен, быў выразна чуцён у скрыпторыі:

— Пачакай, яна яшчэ ня сьпіць…

Ён ціха спусьціўся па лесьвіцы, стараючыся, каб каптан не зачапіўся за шурпатую паверхню сьцяны, каб тоўстыя дубовыя масьніцы не рыпелі пад ботамі, і асьцярожна вызірнуў з-за вуглавога каменю, што востра вытыркаўся з каменнай кладкі.

Зімовае сонца з верхніх акенцаў залатымі чатырохкутнікамі клалася на шэрую каменную падлогу, высьцеленую каля пакояў княгіні калматымі баранковымі скурамі, высьвечвала звычайна цёмныя і панурыя куткі прасторнага калідору, ясна паказвала тых, хто, магчыма, хацеў бы схавацца ад яго — пакаёўку старэйшай князёўны Гайну і новую прыслужніцу вялікай княгіні, чарнавалосую і высокую Зязюлю, якую Марыя загадала пахрысьціць як Васілісу, бо не жадала карыстацца паслугамі язычніцы. Васіліса была ў клятчастай хусьце, накінутай на блакітную кашулю з чырвоным аксамітавым гарсэтам, Гайна ж была ў зялёным каптанчыку са срэбнай аблямоўкай.