Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 66

Ольга Михайловна Ипатова

У храме Сварога пасьля таго паставілі моцную ахову супраць злыдухаў, і Лойка стаў папраўляцца. Але ж каму патрэбная была ягоная сьмерць? Нары ці самому вялікаму князю? Але нашто?

Шукаць смарагды ў доме сястры вялікай жрыцы не маглі б без дазволу самога вялікага князя. Чаму ён даў такі дазвол?

І Круглец вырашыў дзень і ноч сачыць за домам дзяўчыны, чый лёс уплёўся ў лёс Кумца, а праз Уну — і ў ягоны. Ён бачыў Дзівейну толькі два разы, і тое адбывалася ў час пакланеньняў у храме Лады, куды прыходзіла ўся знатная моладзь Вільні нават часьцей, чымся ў храм Перуна ці Вялеса. Прыгажуня, моцная, як маладая рэпка, глядзелася нявіннай і чыстай, як крынічка, але абвостраны позірк Кругляца ў гэтай гарачай усьмешлівай маладосьці адчуваў нешта трывожнае для яго, нейкую схаваную глыбока чарнату…

І ён загадаў свайму слузе, каб той заняўся віжаваньнем разам з даверанымі людзьмі Лесевага дому. Маладога затворніка напачатку моцна бянтэжыла тое, што ён змушаны карыстацца віжаўством, але іншага выйсьця, каб вызваліць Кумца і Няжылу з вязьніцы і выратаваць сястру, ён ня бачыў. Падазраваў ён і сувязь Бурылы з Нарай — таксама сувязь таемную, нябачную для іншых, але такую моцную, якая магчымая толькі паміж людзьмі, зьвязанымі агульнымі інтарэсамі. Якія былі тыя інтарэсы? Жрацы таго ці іншага бога часам варагавалі адзін з адным, змагаючыся за ўплыў, але храмы Лады і Перуна заўсёды жылі ў згодзе.

Усе ягоныя падазрэньні былі хісткімі — такімі ж, як цені на столі, але ён думаў над усімі падзеямі, што пранесьліся праз апошнія месяцы бурапеннай віхурай, кожныя дзень і ноч. А з таго часу, як віжы пачалі дакладаць яму аб тым, хто і калі прыходзіў у дом Дзівейны, ён стаў упэўнівацца, што душа ягоная прадчувала многае з таго, што схаванае пад покрывам сьвятасьці і жрэчаскіх інтарэсаў.

Ён даведаўся аб тым, што Дзівейна некалькі разоў удзельнічала ў закрытых сьвяшчэннадзействах у храме Лады, дзе ва ўкрадзенае адзеньне вялікага князя Альгерда былі ўшытыя магутныя заклёны аб каханьні. Дазнаўся і аб тым, што з храма Перуна пачалі разыходзіцца чуткі, што толькі прыгажуня Дзівейна прынясе шчасьце Вільні, калі стане вялікай княгіняй. Ніхто не сумняваўся, што Марыя Віцебская памрэ, а князю бяз жонкі не абысьціся. Дык няхай возьме ён тую, якая верная старым багам, і тады яны змогуць адвесьці ад Вільні няшчасьці… А няшчасьці стаялі ля парога княства — законны гаспадар Яўнут, як даносілі весткі, зьбіраўся адбіраць свой сталец. Не спакайнелі і іншыя браты Альгерда, а між тым набіралі сілу і іхнія сыны, спадчынныя княжычы.

Паступова ў галаве яго пачалі складацца, кавалак за кавалкам, дэталі вялікага плану, задуманага жрацамі. Браты Кумец і Няжыла былі не вінаватыя, але па задуме жрацоў іхнія жыцьці павінны легчы пад нейчыя колы, каб стаць гацьцю, па якой праедуць іхнія калясьніцы. Ганеньні на хрысьціян былі зараз патрэбныя жрацам, як ніколі. Новы шлюб Альгерда павінен узмацніць іхні ўплыў. Першым вынікам арышту братоў сталася тое, што ў замку павялічыўся ўплыў Нары. Яна заклікае да сябе княжычаў і першаю віншуе з народзінамі маладых князёўнаў… Замененая пакаёўка, як пачало здавацца многім, адсоўвае ў цень тых, хто любіць Марыю і цягнецца да яе. Можа, гэта і выпадкова. Але чаму Рэчыца, не пасьпелі яе як сьлед дапытаць, адразу ж паказала на свайго жаніха? Вядома, як кахала яна яго, як радаваўся іхняму будучаму шлюбу Кумец, брат Няжылы. Што ж зрабілі з ёю, чым запалохалі?