Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 65

Ольга Михайловна Ипатова

Але выйсьце, хаця і інакшае, чымся ўцёкі з цямніцы, павінны знайсьціся. Сітуацыя ня бачылася яму беспрасьветнай. Украдзеныя смарагды недзе ж былі, і душа яго адчувала, што не Няжыла быў прычынай іхняга зьнікненьня. Рэчыца вярнулася дадому. Чаму? Хаця яе апанавалі нячысьцікі і яна амаль нікога не пазнавала, ды занадта вялікай была правіна, каб проста так адпусьціць яе дахаты. Да таго ж, Круглец ведаў, што допыты Няжылы не далі ніякага выніку. Яго дваццаць разоў усьцягвалі наверх на дыбе, яму палілі пальцы, але ён не сказаў, дзе каралі. Каб ведаў, ня вытрымаў бы гэткіх зьдзекаў. Круглец мог бы яшчэ паверыць у адчайную вытрымку чужога невядомага злодзея, якому, калі б віна была даказаная, пагражала страшная, з нялюдскімі пакутамі сьмерць. Аднак Кругляца ён ведаў. Перашкаджала паверыць у яго віну і іншае: зьвязьнілі амаль адразу, хаця і па розных прычынах, адразу абодвух братоў. Кумец трапіў у цямніцу не таму, што быў братам злачынцы, а таму, што быў хрысьціянінам.

Каму спатрэбілася зьмясьці са сваёй дарогі і Кумца, і Няжылу? Узьнікаў і адказ: таму, хто заняў іхнія месцы. А гэта былі людзі, зьвязаныя з Бурылам і, асабліва, з вярхоўнай жрыцай Нарай.

Круглец ведаў і пра вобыск у доме Дзівейны, які ня даў ніякага выніку. Але ня проста ж з нічога ніякага ўзьнікла падазрэньне ў Лойкі! Ды і не падазрэньне, а ўпэўненасьць, калі сам ён пайшоў да дому ды яшчэ пасьля маленьня.

Аднак, крычала ў ім нешта, Лойка ўпаў ля хаты, і магчыма, ішоў ён ужо апоены чамярыцай?

А калі паўставала перад вачыма Дзівейна, у ім нарастала трывога і агіда да яе. Ён зноў і зноў перабіраў у памяці падзеі апошніх тыдняў.

Нейкая сувязь была між тым, што менавіта Нара, яе сястра, першаю заўважыла крыж на грудзях Кумца — крыж, які быў схаваны ў таго пад кашуляю. І тым, што якраз на Дзівейну паказаў вялікі жрэц Лойка, ды пасьля таго ўпаў бяз памяці. Хаця ўсё гэта і трымалася ў вялікай таямніцы, але пра тое пасьпеў расказаць свайму сябру мечнік Сьвідрыгайла, які суправаджаў Лойку ў ноч гаданьня. А той расказаў Кругляцу падчас сустрэчы на вуліцы, пры тым бесьперапынна азіраўся па баках — ад страху. І нездарма.

Сьвідрыгайлу сьцялі горлам за нібыта хлусьню. Лойка пасьля таго гаданьня ледзь выжыў — мабыць, зайшоў занадта далёка ў іншы сьвет. Калі ж ён страціў прытомнасьць і быў перанесены ў храм, яго лячыў жрэц Вакула. Ды толькі хворы чамусьці не здаравеў. Наадварот — ён траціў сілы штодзень і, калі вярхоўнаму жрацу стала зусім блага, сьсінеў як мярцьвяк. Спруцянелага Лойку паклалі на сьмяротнае ложа і праз тры дні намерыліся спаліць, як тое і належала. Пайшлі перамовы: хто стане галоўным жрацом, каго выбера вялікі князь і зацьвердзяць мудрыя старцы. Перашкодзілі таму Ашвіны — з іхняга галоўнага сьвяцілішча на пахаваньне Лойкі прыехаў надта абазнаны ва ўсіх атрутах старац. Ён і адкрыў, што Лойка яшчэ жывы, і сам прыгатаваў для яго напой, пасьля якога той расплюшчыў вочы. Жрэц Вакула некуды зьбег, яго шукаюць па ўсім Княстве.