Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 64

Ольга Михайловна Ипатова

— Чаму ж не даўмеўся Лойка таемна прабрацца ў хату да Дзівейны, каб там знайсьці каралі? — загаварыла было Уна, ды абсеклася. Нягожа Лойку шныпарыць па чужых хатах, як якому вышуканцу ці віжу! Але Рамша растлумачыў па-іншаму:

— Людзі кажуць, што яго спыніла Нара. Мацнейшаю яна аказалася за Лойку. Ды толькі травы ў яе няма — не далася ёй разрыў-трава, бо ня кожныя рукі прыдатныя да таго!

Ніхто не гаварыў пра самае балючае: нашто была тая разрыў-трава, калі ўсе іхнія высілкі ўсё роўна сталіся марнымі!

Той жа ноччу Уна, зноў пераапрануўшыся хлопцам, як і тады, калі прыходзіла ў замак, ад’ехала ў Нямеччыну. Кумец застаўся ў Вільні. Наўрад ці дазнаюцца возны ці кашталян Нарбут аб тым, што зьніклая з замку Бярозка была насамрэч ягонай сястрой Унай. Ніхто ня мог ведаць аб тым. Яны пабачыліся ў замку толькі аднойчы, калі яна перадавала кругляк з нумарам, які трэба было падкінуць да вартаўнікоў, і ў скрыпторыі, як і па ўсім доўгім калідоры, тады не было ніводнае душы.

З таго дня, як іхняе з Унаю мірнае, спакойнае жыцьцё перапыніў вярхоўны жрэц, а любімая сястра мусіла хавацца і будучае для яе нібыта зьнікла, ён перастаў спаць па начах. Ляжаў, утаропіўшыся ў столь, глядзеў, як цені ад сьвечкі трапечуць па чырвоных цаглінах, як варушацца па кутах тонкія, ледзь улоўныя абрысы нейкага іншага жыцьця, якое — ён адчуваў гэта — пранізала іхні час і іхнія лёсы. Можа, гэта былі душы продкаў, якія спачувальна спрабавалі ахутваць іх заслонай ад няшчасьцяў, а можа, гэта ажывала будучае, якому ніякай справы не было да таго, што адбудзецца з ім і Унай.

Яе каханьне забрала цямніца. Але і ейнае жыцьцё сталася цямніцай. На яе наладзіў паляваньне сам вярхоўны жрэц, і калі б яна засталася тут, ягоныя віжы-выжлы рана ці позна выйшлі б на сьлед, сястру знайшлі б, каб аддаць у ахвяру Перуну. Выйсьця не было — ні яму, ні ёй.

План, які здаваўся яму самым дзейсным — каб Кумец разам з Унай і братам выехалі ў іншую краіну, не ажыцьцявіўся. А мог бы. Яны, зацныя людзі Княства, не прывязаныя да аднаго месца, ім адкрыты ўвесь сьвет. Багацьця ягонай сям’і дастаткова было для таго, каб сястра атрымала тое адзінае, чаго яна хацела і чаго заслугоўвала сваёй прыгажосьцю і самаахвярнасьцю — каханага мужа.

Аднак Кумец адмовіўся ўцякаць, і цяпер, калі ўсё абрушылася, і спроба вызваленьня не ўдалася, Кругляцу карцела самому сустрэцца з Кумцом і зразумець нарэшце, чаму ён застаўся тут, у Вільні.

Чаму? Гэтая думка не давала яму спакою. Хаця і быў ён хрышчаны і верыў у адзінага Бога, усё ж круцілася, тузалася ў ім сумненьне: няўжо сапраўды такая магутная ў Кумца вера, каб перамагчы нават страх сьмерці? Каб пераадолець у ім прагу шчасьця, каханьня, свабоды, хай сабе і ў чужой краіне? Але якая ж іншая прычына прымусіла б Кумца застацца ў сьмярдзючай каменнай дзірцы, гніць жывому і ня мець надзеі выбрацца?