Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 63

Ольга Михайловна Ипатова

Яна ня ведала — вялікі князь сядзеў над сталом, дзе ляжалі данясеньні віжоў аб тым, што кажуць пра яго вязьняў-хрысьціянаў замежныя паслы і купцы. Ён таксама думаў пра тых, хто пакутаваў унізе, і думкі яго былі надта невясёлымі…

КРУГЛЕЦ У РОЗДУМЕ

Расчараваньне і жаль, якія ахапілі Кругляца пасьля таго, як Уна вярнулася адна і расказала аб адмове малодшага з братоў выбрацца з падзямельля, патроху праходзілі. У сьнежнай крутаверці дзяўчыне ўдалося шчасьліва спусьціцца з замкавае кручы, разам са сваім надзейным суправаджэньнем незаўважна і хутка аддаліцца ад княскай гары, тым уратаваўшыся ад небясьпекі. Пра сёньняшняе яе жыцьцё з таго часу, як з адчыненага акна роднай сьвятліцы яна скочыла ўніз, ня ведаў ніхто, апроч брата.

Тады ёй пашанцавала так, нібыта несьлі дзяўчыну на крылах самі залатыя браты Ашвіны. А можа, і сапраўды яны паслалі ў тыя кароткія імгненьні, калі яна, скочыўшы ўніз, не зламала нагі і кінулася да дарогі, той карычневы вазок з залацістымі ўзорамі? У ім з гасьцяваньня вярталася дахаты багатая ўдава Вольха, некалі закаханая ў ейнага бацьку Леся. Удава пазнала дзяўчыну, схавала яе ў свой вазок, а пасьля прывезла дахаты. Яна ж узрадавала Кругляца вестачкай аб сястры, і гэта па задуме Вольхі замест сапраўднай Бярозкі ў замку пад ейным імем атабарылася іншая. Яна павінна была выбраць патрэбную хвіліну і патрапіць да вязьняў. Бярозку ж разам з яе бацькамі паслалі ў Чэхі, дзе яны змаглі адкрыць уласную карчму на грошы, шчодра ахвяраваныя Кругляцом.

Вольха надта старалася надаць Уне іншае аблічча, каб, ня дай Мокаш, не пазнаў яе хто са знаёмых. І праўда, было аднойчы, калі памочніцы малодшага кухара давялося несьці вячэру ў вартоўню: галоўны стражнік Воўк неяк дзіўна прыглядаўся да яе, пакуль яна разьлівала па тарэлах поліўку. Уна нават зьніякавела ад таго, хаця попельныя валасы яе, пафарбаваныя гарэшкамі альшыны, выглядалі касматымі і грубымі, а начарнёныя тым жа гарэшкам бровы зусім перайначылі яе прыгожы і пяшчотны тварык. Яна ўпарта шукала хаця якой зачэпкі трапіць да братоў. Аднак, хаця як і належала тое памочніцы, начавала яна ў пакойчыку каля кухні, каб першай, яшчэ да сьвітаньня, распальваць печ, за ўвесь тыдзень ні разу не давялося нават наблізіцца да лесьвіцы, якая вяла ў падзямельле: варта дзень і ноч пільнавала сховы. І тады разам з братам яны прыдумалі іншы план — дзёрзкі і нечаканы, з сонным парашком у віно стражнікам і вызваленьнем Кумца і Няжылы.

Але тыя разьлікі ня зьдзейсьніліся. Упартасьць Кумца здавалася неспасьцігальнай, і ўсе вырашылі: яго акруціў Злыдух і памуціў розум хлопца.

Праўда, слуга Рамша з асьцярогай выказаў шкадаваньне, што гаспадары не зьвярнуліся да галоўнага жраца храма Сварога Лойкі. Шапталіся ў народзе, што перад Лойкам расчыняюцца ўсе дзьверы таму, што некалі прыдбаў ён чароўную разрыў-траву. Ня кожны вядун можа яе дастаць, бо шлях да яе акрутны: замазаць глінай гняздо адной з вешчых птушак — сойкі, сарокі альбо савы, каб тыя птушкі не маглі насіць ежу сваім дзеткам. Паляціць тады птушка-маці шукаць разрыў-траву, каб ёю прабіць загароду і накарміць птушанят. А калі паляціць тая трава ўніз, трэба пільнаваць пад дрэвам, разаслаўшы белы абрус, а пасьля разрэзаць правую далонь і зашыць пад скурай чароўнае зельле. Тады, калі штурханеш гэтай рукой любыя дзьверы, яны расчыняцца.