Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 62

Ольга Михайловна Ипатова

Яна сьцялася, як ад удару. Не сваяцкае пачуцьцё вяло яе сюды, і не ад яго хацелася маладой дзяўчыне прыхінуцца да гэтага прыгожага, такога спакойнага ў сваіх няшчасьцях юнака. Яна адчула, што ён наўмысна загаварыў аб сваяцтве. Не сьляпы ж ён і не глухі, каб не адчуць, што вяло яе сюды, чаму яна, плачучы, ня хоча сыходзіць. А варта толькі каму-небудзь зайсьці да варты і пабачыць, як валяюцца гэтыя мацакі па вартоўні, сонныя і ачмурэлыя, як адразу ж уздымецца трывога, і тады яна ніколі ня выйдзе з гэтае страшнае цямніцы! Ён падштурхнуў яе:

– Ідзі ж!

— Я не пайду без цябе! Я… я застануся тут!

— Падумай пра Кругляца!

— А іншыя? Ім таксама патрэбнае тваё зьзяньне? Яны маглі б атрымаць свабоду!

— Тут два забойцы і тры злодзеі. Думаю, Бог ведаў, што ім трэба, таму яны ў вязьніцы, дзе падумаюць над тым, як і чым жыць. Віленскаму люду будзе бяз іх спакайней. Але рашай сама, Уна. Вызвалі іх замест мяне.

Тады яна пайшла, хістаючыся, да выхаду. Спатыкнулася аб вядро, якое глуха шмякнулася аб падлогу. Застыглая зьверху каша засталася гарачай і балюча абвалакла нагу. Ужо ступіўшы на першую прыступку лесьвіцы, дзяўчына азірнулася:

— Чаму?!

І пачула дзіўны адказ:

— Таму што люблю.

— Мяне?!

– І цябе таксама.

— Таксама?!

— Я люблю ўсіх людзей, Уна. І цябе сярод іх.

Дзяўчына кінулася ўверх па лесьвіцы, спатыкаючыся і плачучы ўголас. І пакуль адольвала прыступкі, усё чула трывожны голас Няжылы:

— Хто там, брат, хто там?

— Хто там? — крычалі і іншыя вязьні — хрыпата і адчайна, нібы глоткі іх зацягнула цінай доўгага маўчаньня, і яны адвыклі вымаўляць нават простыя словы.

І глуха-глуха, нібы з бездані, гучаў спакойны голас Кумца:

— Захавай, Божа, душы нашыя, а ня целы, пакінь нам сьвятло тваё, каб мы ачысьціліся…

Варта яшчэ спала — каго дзе застаў нечакана моцны і небясьпечны хмель, аднак Дрозд, што зваліўся на лаву, пачынаў пакутліва варушыцца, нават прыўзьняў галаву. Было ціха, адно трашчалі на сьценах смалякі. Уна асьцярожна дастала з вышытага скуранога футаралу, што вісеў на пасе аднаго са стражнікаў, шырокі блішчасты нож, вой таргануў нагой, павярнуўся на дубовым пяньку і тут жа зноў заплюшчыў вочы.

Яна асьцярожна, амаль ня дыхаючы, прайшла па сонным калідоры, прасьлізнула за сьпіной вартавога, што, аблеплены сьнегам, нерухома стаяў непадалёк ад дзьвярэй і глядзеў на дарогу наперадзе, дзе вялізным белым памазком бяліла і бяліла зямлю завіруха.

Тут, на вышыні, вецер завываў асабліва моцна, і ў яго злавесным завываньні патаналі іншыя гукі. Уне, абдзіраючы рукі і дзе-нідзе насякаючы зарубкі забраным нажом, удалося пралезці па ледзяным сьлізкім каменьні сьцяны да месца, дзе на ўбітым загадзя круку была замацаваная вяроўчатая лесьвіца. Перад тым як учапіцца за хрумсткія ад наледзі вяроўкі, яна зірнула на сьцяну высокай круглай вежы. Там, у вузкай шчыліне акна, слаба сьвяціўся жоўты агеньчык. Як савінае вока, цікаваў ён за Вільняй, за ўсім Вялікім Княствам.