Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 61

Ольга Михайловна Ипатова

— Чаму ты не вызваляешся ад ланцугоў? — амаль выкрыкнула яна нарэшце. — Можа, на цябе навялі морак гарцукі? Ці сам Жыжаль?

Ён усё глядзеў на яе, міргаючы. Як асьлеплены слабым водсьветам недалёкага смаляка. Нарэшце ўстаў, патузаў жалезны пояс з замком, на якім мацаваўся ланцуг. Адарваць яго было немагчыма.

— Мяне трымае ня гэта, — сказаў ён нарэшце амаль бязгучна.

— А што?!

— Ня ведаю, як табе сказаць…

— Бяры абцугі, Кумец! Ці давай я сама раскую твой ланцуг!

— Пачакай, не сьпяшайся, — ён адвёў дзявочую руку. — Тут, у цямніцы… да мяне прыходзіў Усявышні… Я бачыў яго як зьзяньне. І гэта… дало мне такое сьвятло! Такую радасьць і такую моц!

– І… што?! — яна не разумела.

— Я ўзгадаў, што казаў мне аднойчы Лойка: такое сьвятло ідзе з далёкіх зорак, з самога Ірыю.

— Кумец, стражнікі хутка ачомаюцца, тады нам ня выбрацца!

— А ці стане Сьвятло прыходзіць да мяне… там? — ён паказаў рукой у накірунку лесьвіцы. — Там, дзе тлум, пагоня за багацьцем, за ласкаю князя… дзе няма калі думаць аб тым, навошта дадзенае нам жыцьцё? Думаю, яно мяне пакіне. Там я стану ранейшым — трохі веры, трохі ўцехаў. І ўсё як ва ўсіх.

— Чаму ж пакіне?… да цябе яно будзе прыходзіць усюды! Чаму ж не? — яна разгубілася, як губляюцца перад вялікім няшчасьцем. Гэта было так неспадзявана, так… несправядліва! Колькі яны з братам зрабілі дзеля таго, каб зьдзейсьнілася немагчымае: уцёкі з замкавае цямніцы, дзе днём амаль ні хвіліны двор не бывае пустым, дзе столькі варты, дружыньнікаў, гасьцей!

— А твой брат… Ты вырашаеш і за яго?

— Майму брату перабілі нагу, і я, тым болей ты, яго адсюль ня вынесу. Што ж — значыць, і яму, як і мне, варта падумаць над усім, што з намі адбылося, — раздумліва адказаў Кумец, і рука яго звыкла падклала пад плячо, да крыві нацёртае (цяпер яна бачыла гэта і ў скупым сьвятле) жалезьзем, кавалак таго, што засталося ад ягонага парчовага каптана. Дарагія некалі рэчы, што цяпер сталіся толькі рызьзём, глядзеліся на ім так, нібы ён усё жыцьцё насіў толькі гэтае: рызьзё, лахманы, бядноцьце, і не заўважаў таго. Але смуглявае маладое цела было ўсё тым жа — пругкім, цьвёрдым, нібыта і ня месяцы праседзеў ён тут без аніякага руху, а толькі ўчора прыйшоў з паляваньня альбо балю ў палацы князя. І пачуцьцё, што яе зашпурнулі ў бездань, што яна ляціць уніз, не адчуваючы пад сабою нават далёкага дна, прымусіла яе заплакаць і прагаварыць ужо з папрокам, з горыччу:

— Нас з Кругляцом павесяць на сьвяшчэнным дубе, калі зловяць і дазнаюцца, што мы спаілі варту…

– І хацелі вызваліць нас з братам? — дагаварыў Кумец. — Думаю, што Усявышні ахіне вас крысом свае літасьці, і ворагі вас ня выкрыюць. Ідзі адсюль, Уна, ідзі хутчэй, і забудзься на мяне. І твой брат няхай таксама забудзецца. Іначай нашае сваяцтва дорага вам абыдзецца. Дзякую за ўсё, і за тое, што клапоціцеся нават пра такіх далёкіх сваіх сваякоў, як мы…