Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 57

Ольга Михайловна Ипатова

— Ну што ж, добра. Але ў нас такі парадак: ты атрымаеш медны кругляк з нумарам, і тады цябе прапусьцяць наверх, ажно на самы княжы двор. Але пасьля ты аддасі яго мне, бо ўвечары, калі саступаць на службу другой зьмене, усе круглякі павінны быць у вартоўні. Уцяміў?

— Я хутка вярнуся, — запэўніў яго юнак, і Воўк выдаў яму медны кругляк з пяцьцю насечкамі. Варта, што вярталася зьверху, без зьдзіўленьня агледзела маладога чалавека — кожны дзень нехта прыходзіў у замак, і калі Воўк выдаў пропуск, чаго ж сумнявацца ім?

Але малады чалавек не вярнуўся ні праз гадзіну, ні праз дзьве. І Воўк, які хацеў быў падняць трывогу, бо блізіўся час перадачы сваёй зьмены іншай, раптоўна заўважыў — кругляк з пяцьцю насечкамі ляжаў у грудзе іншых, нібыта яго прынесла сюды нячыстая сіла! Срэбная грыўна, што была дадзеная ў залог, заставалася ў яго, але малады чалавек — і Воўк мог бы ў тым паклясьціся! — з замку не сыходзіў! У вартоўню, праўда, заходзіла некалькі чалавек, але ўсе яны былі знаёмыя: альбо прыдворныя, якія вярталіся з гораду і прыходзілі пагаварыць з вартай, альбо тыя, хто ішоў са службы ў замку дадому.

Праўда, двойчы заходзіў у замак сын пасла Леся, які апошнім часам зачасьціў у скрыпторый, дзе перапісвалі кнігі. Ён сышоў з замку апоўдні, але пасьля ізноў прыцягнуўся, кажучы, што забыўся на перапісаны ім пергамент, над якім будзе працаваць уначы. Але сына пасла Воўк ведаў столькі, колькі служыў у гэтым замку, таму нічога дзіўнага ў тым, што той заходзіў у вартоўню, ледзь не заначаваўшы сярод кніг, не было.

Таму заставалася думаць, што юнака зьнесьлі са сьценаў замку вараны, альбо ён ператварыўся ў ваўкалака і ціха прасьлізнуў незаўважаным.

Калі б Воўк падняў трывогу, многае магло б выйсьці наверх, у тым ліку і прычына, па якой незнаёмец быў свабодна прапушчаны ў замак, хаця звычайна невядомага наведвальніка вёў у княжы двор нехта са стражнікаў і асабіста перадаваў тым, да каго той ішоў. У выпадку трывогі срэбную грыўну, магчыма, давялося б аддаць. І начальнік варты змоўчаў і пра юнака, і пра гэтае незразумелае для яго здарэньне.

Пра яшчэ адну прычыну свайго зацятага маўчаньня аб непарадку ён баяўся нават думаць: добры яго сябра, мечнік Сьвідрыгайла, нядаўна быў сьцяты горлам за тое, што абгаварыў вялікую жрыцу. Аднак Воўк добра ведаў, што ніякай хлусьні з боку мечніка не было, бо ён чуў абрыўкі размоваў аб гаданьні жраца Сварога Лойкі — ціхіх і патаемных. Аб тым, што жрэц прывёў мечніка да дому сястры вялікай жрыцы, а пасьля раптоўна страціў прытомнасьць, чулі іх і іншыя вартаўнікі, і служкі ў замку, бо і ў сьценаў ёсьць вушы… Мечнік дабраўся да Альгерда — і вось вынік: дом быў абшуканы, але смарагды, відаць, пасьпелі кудысьці схаваць альбо вынесьці.

А хто і па чыім загадзе — пра гэта трэба было маўчаць. Каб самому застацца жывому, бо да сяброў Сьвідрыгайлы і так падазрона прыглядаліся слугі кашталяна Нарбута.