Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 55

Ольга Михайловна Ипатова

— А гэта я не адкрыю табе. Бо і так, памятаючы нашыя… сустрэчы, замнога расказала табе, Тачыла. Дык ці скончылі твае стражнікі шукаць у доме маёй сястры тое, чаго тут няма?

— Я зараз праверу, — мармытнуў той і хуценька выскачыў з пакою. Сёстры ізноў моўчкі абмяняліся поглядамі. Вочы Нары прасачылі позірк сястры, і яна супакоена прымружыла вочы.

Войт вярнуўся даволі хутка. Адзін са стражнікаў, які шныпарыў у лажніцы маладой жанчыны, вінавата выглянуў адтуль:

— Нідзе нічога няма!

Войт абвёў вачыма пакой, дзе яны знаходзіліся. Позірк яго сьлізгануў па гладкіх сьценах, абабітых зялёным з залатымі разводамі адамашкам, ён, па чэпкай звычцы наглядчыкаў, зачапіў пальцамі ручнік, які спадаў з бажніцы. Цяжкае яго дыханьне паварушыла чырвоныя кутасы, якія зачапіліся за разьбу ўнізе бажніцы. Учэпістыя мужчынскія пальцы памацалі разьбу, зачапіліся пазногцем за чорны злакіраваны завіток. Адзін рух направа, і… У Дзівейны здрыгануліся тонкія пальцы, але тут Нара засьмяялася звонка і весела:

— Ну вось і праверыў! Можаш сьмела адказаць вялікаму князю, што кожная дошка і палавіца тут прамацаная тваімі малайцамі. І давай скончым непрыемную справу тым, што павячэраем разам… ня тут і ня зараз, а пазьней, там… у нашым храме.

— Сёньня?! Удваіх… з табой… — войт радасна ўскінуўся, і тут жа, спахапіўшыся, пакасіўся на стражніка, якому рукой даў знак выйсьці. І, ужо амаль забыўшыся на Дзівейну, прагна глядзеў на вялікую жрыцу, тоўстыя яго пальцы пацягнуліся да яе. А Нара, сьмеючыся, адступіла назад і скінула лісінае футра, што ахутвала яе малочна-белыя плечы. Белая, амаль празрыстая, як з камкі, сукня шчыльна абхоплівала тонкі стан, пругкія плечы і вялікія грудзі служкі Лады, і чамусьці ізноў здалося войту, што гэта сама багіня стаяла перад ім, запрашаючы ўвайсьці ў яе вабнае цела, дзе ён рабіўся маленькім і нібыта патанаў у абвострана-балючай, бясконцай і адначасна нясьцерпна-кароткай асалодзе…

ЦЯМНІЦА

Падвечар, калі разамлелыя ад смачнай сьвініны з тушанай капустай стражнікі гралі ў бірулькі, паставіўшы на кон заўтрашні куфаль піва, які выдаваўся кожнаму пасьля дзяжурства, да ніжняй брамы Горнага замку падышоў юнак, захутаны ў цёплы, з бабровай падбіўкай плашч. Яго саф’янавыя боты падмоклі ў сьнезе, які няспынна сыпаўся на Вільню ўжо трэці дзень, і які не пасьпявалі ўтоптваць жыхары. Ды тут, наверсе, сьнегу было нашмат меней, чым унізе: княжавыя слугі няспынна, гадзіна за гадзінай, зграбалі яго драўлянымі шуфлямі і скідалі ўніз, да ракі, што няспынна цурчэла ўнізе, так і не замёрзшы да самай сярэдзіны зімы.

Галоўны стражнік Воўк паважна выйшаў са старожкі, што месьцілася на першым паверсе вартавой вежы замку. Вопытным вокам ён адзначыў, што юнак ня з бедных: срэбнае шытво на каптане было новым і тускла блішчэла пад плашчом, аблямоўка якога таксама яшчэ не абтрапалася і не звалялася. Таму ён прыцішыў свой голас, які ўсё роўна падаўся прышламу рыкам:

— Каго вам, гаспадзін?