Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 59

Ольга Михайловна Ипатова

— Вы ж толькі па глытку зрабіце тут, а то ўгледзіць хто, данясе ваяводзе. Зараз я і есьці прынясу.

Яна хуценька выскачыла за дзьверы, а Дрозд, адкаркоўваючы старанна засмалены лычык пасудзіны, апавядаў даўно вядомую стражнікам гісторыю аб тым, як летась княгіня Марыя, спускаючыся да брамы, пасьлізнулася, і яе па першым зімовым лядку панесла напрасткі на вострыя драўляныя, абабітыя жалезьзем калы, да якіх прывязвалі стражнікі коней. Аднак Дрозд перахапіў гаспадарыню і, штурхануўшы яе ў мяккі сьнег і адвёўшы ад калоў, сам не ўратаваўся і ўпіўся-такі плячом у жалезьзе, расьсекшы лапатку. Было шмат крыві, давялося клікаць шаптуху, якая, да жаху прыдворнага лекара Ганса, заматала рану павуціньнем, і яна на дзіва хутка зацягнулася. Вялікія ўладары дзячылі Дразду пастаянна. Адразу ж ваявода зрабіў яго старшым над вартай Верхняга замку, а княгіня адарыла выратоўцу вялікім срэбным талерам. Цяпер, бязьмерна расчулены, ён наліў у драўляны, выразаны з ясеню, ладны глячык напой, і з воклічам «За нашу гаспадарыню!» выліў яго ў свой губасты, прагны да пітва рот. Пасьля перадаў глячык іншым.

Калі Бярозка вярнулася з чарпаком і драўляным вядром з аўсянай кашай, адкуль патыхала парай, у старожцы стаяў гул і рогат. Дрозд адмахнуўся ад дзяўчыны, калі тая запрасіла іх павячэраць.

— Ты лепей бы салёных гуркоў прынесла!

— А што я буду рабіць з кашай?

— З кашай?

Дрозд падумаў. Хмель ужо віраваў у ім, туманіў галаву. Звычайна стражнікі каштавалі ежу, пасьля астаткі несьлі самым знатным вязьням. Рабілася так дзеля таго, каб, ратуй Пярун, не атруцілі па нейчым заказе кагосьці з іх. Бо некаторыя вязьні ўсё яшчэ захоўвалі таямніцы, пра якія хацелі даведацца як вялікі князь, так і яго акружэньне.

— Ат, занясі ты ім сама!

Звычайна варыва заносілі стражнікі, але сёньня, па ўсім відаць, ніхто не хацеў адрывацца ад медавухі. Пойдзеш — і нічога не пакінуць табе прагныя да напою хлопцы! Дразду ж хацелася сёньня быць добрым. Сама вялікая княгіня адзначыла яго!

— Глядзі толькі, каб яны ня зьелі цябе замест гэтай кашы! — п’яна крыкнуў ён і зноў прыпаў да гляка. Ноч на дварэ, сьнег шалясьціць па цагляных сьценах, трашчаць смалякі… Дарогу да Верхняй брамы праглядае ніжняя варта — чаго асабліва турбавацца!

…Дзяўчына пацягнула вядро ўніз, па вышчарбленых пляскатых прыступках, і, хаця яно было цяжкае, крокі яе паскараліся. Яна перадыхнула імгненьне і, пакінуўшы вядро ля дзьвярэй, упэўнена дайшла да чацьвёртае каморкі і зазірнула ў яе цёмную зяпу. Пасьля паклікала таго, хто павінен быў там знаходзіцца.

Спачатку было ціха, але прайшло некалькі імгненьняў, зазьвінела жалезьзе, і слабы голас, ад якога яна ўся задрыжэла, прашаптаў зьдзіўлена і недаверліва:

— Уна?!

— Гэта я, я. Кумец. Ты не чакаў мяне, канешне. Але я прыйшла. Прыляцела, каб вызваліць цябе адсюль.

Яна задыхалася, сэрца яе калацілася — не ад цяжкага вядра, якое яна только што правалакла па высокіх прыступках, а ад таго, што там, у каменнай пячоры, жывым азваўся да яе той, аб кім яна думала ўсе гэтыя пакутныя месяцы. Яна сама ніколі не прыйшла б да яго першаю, калі б ён ня быў бязьлітасна вырваны са свайго асяроддзя і ня кінуты ў шэрагі адрынутых і багамі, і ўладай, і людзьмі. Урэшце, так сталася і з ёю. І хто мог бы асудзіць яе цяпер?!