Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 58

Ольга Михайловна Ипатова

А жыць Ваўку вельмі хацелася. Хацелася стаць уладальнікам карчмы каля Вяльлі, жыць уежна і ўлежна, у меру грашыць і заўсёды мець шкварку і добрую чарку медавухі.

Сярэбраную грыўну ён схаваў, але доўга яшчэ, правяраючы свой пакуль што невялікі скарб, цёр манету і ўглядаўся ў яе, нібы чакаў, што і яна раптам растворыцца ў прасторы, як растварыўся невядомы яму юнак…

УЦЁКІ НЕ АДБЫЛІСЯ

Ноч таемна шапацела сьнегам, ляпіла з вартавых, калі яны хаця на хвіліну выходзілі з вежаў, дзівосныя фігуры, падобныя да тых, якія спальваюць з прыходам Вясны-Лялі. Сьнег падаў і падаў, і варта ўжо з гадзіну нават і не спрабавала выходзіць з утульных, з цёплай печачкай, старожак, толькі час ад часу хто-небудзь высоўваў галаву і спрабаваў углядацца ў цемру, якую дарэмна спрабавалі разагнаць смалякі, што натужна трашчалі і шыпелі пад металічнымі, з адтулінай, накрыўкамі.

Начальнік другой зьмены ля Верхняе брамы Дрозд, які нядаўна зьмяніў варту Ваўка, нудзіўся. Цэлую ноч змагацца са сном нялёгка. І хаця ён добра выспаўся перад дзяжурствам, сёньня ў яго ламіла косьці і ныла ў вантробах. Чым і як лячыцца ад гэтае напасьці, ён добра ведаў. Але сёньня ў замку не было аніякіх баляваньняў, і наперадзе не сьвяціла нават глытка добрага цёмнага піва, ужо ня кажучы пра медавуху. Таму ён паныла сядзеў у куце і назіраў, як вартаўнікі робяць выгляд, нібы яны слухаюць ноч. Хутка ён зноў пагоніць іх аглядаць сьцены, перагукацца з ніжняй вартай і ўтоптваць сьцяжыны, па якіх раніцай першымі пабягуць кухары і пакаёўкі, а за імі малодшыя дружыньнікі, каб да таго часу, пакуль прачнецца вялікі князь, навокал усё было гладка і Альгерд мог пакрочыць па двары альбо ўніз, не баючыся замачыць свае тонкія юфтавыя боты.

Але калі маліцца багам ды слухацца іх, то шчасьце прыходзіць нібыта само сабой. У тым Дрозд пераканаўся, калі зарыпелі дзьверы і, здымаючы адной рукой з галавы башлык, у вартоўню зайшла памочніца малодшага кухара Бярозка. У другой яе руцэ гнулася лазовая ручка ад аплеценага лазой гляка, у якім — Дрозд імгненна вызначыў гэта па паху — штурхалася ў сьценкі вышэйшага гатунку медавуха.

Бярозка зьявілася ў замку ўсяго тыдзень таму, і бачыў яе Дрозд толькі некалькі разоў, калі яна прыносіла ежу для вартаўнікоў і для тых некалькіх вязьняў, якім быў аказаны гонар — сядзець у замкавых сутарэньнях. Адкуль жа медавуха?

— Што гэта? — асьцярожна запытаўся ён, старанна хаваючы радасьць. Раптам яна нясе гэты гляк кудысьці, і толькі зайшла да іх на якую хвіліну! Але Бярозка яго супакоіла:

— Вялікая княгіня загадала занесьці гэта вам. Табе… — паправілася яна, зьвяртаючыся да Дразда.

— Ну, калі ты, вядома, захочаш падзяліцца з іншымі.

І, апярэджваючы пытаньні, дадала:

— Яна не спадзяецца перажыць гэтую ноч. І помніць, што некалі ты ўратаваў ёй жыцьцё. Таму хоча разьвітацца з табою, пасылаючы гэтае пітво.

Дрозд з радасьцю перахапіў гляк, ад паўнаты пачуцьцяў ушчыкнуў дзяўчыну, а яна, лоўка вывернуўшыся, папярэдзіла: