Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 56

Ольга Михайловна Ипатова

— Я прыехаў з Полцеску, каб сустрэцца з памочнікам лоўчага Кумцом, маім родзічам па дзядзьку.

Закарэлы твар Ваўка спахмурнеў:

— Твой родзіч — злачынца. Яго чакае кара як адступніка.

— Няўжо гэта праўда? — вочы ў юнака напоўніліся сьлязьмі. — І ён сядзіць у замкавым падзямельлі, як аб тым казалі на віленскіх вуліцах?

— Праўда, гаспадзін, і лепей будзе, калі ты хутчэй пойдзеш адсюль. На злачынцаў абрынуўся гнеў усіх жрацоў Вільні, і нават княгіня Марыя адступілася ад іх.

— Але мой бацька хворы, а іхняя сям’я абяцала нам дапамогу віленскіх жрацоў.

— Тады ідзі да іхняй маці Людміліцы, яна, кажуць, добрая жанчына. І багоў шануе.

— Дзякуй, добры чалавек.

Срэбны шэлег з рукі юнака нібы сам пераляцеў у каравую далонь Ваўка, і твар стражніка зноў памякчэў. Нешта кранула яго касматае сэрца ў наведвальніку — можа твар, сьвежы і па-дзявочы румяны, а можа, сарамлівы, як у нетутэйшых погляд. І ён прыязна выслухаў просьбу:

— Ці не дазволіў бы ты мне хоць зірнуць на тую цямніцу, дзе сядзіць мой высакародны родзіч? Я раскажу нашым месьцічам пра княжы замак і ягоныя муры. Усё ж вялікі князь адначасна валадар віцебскі, і ў Полцеску шмат цікавасьці да стольнага гораду Вільні.

— Я дазволю табе толькі падняцца да брамы Верхняга замку. Унутр, у княжы двор, цябе ня прапусьціць ніхто.

— Ну што ж. Тады я падыду да брамы, пастаю там. А табе яшчэ раз дзякуй.

Зноў сярэбраны шэлег лёгка пераляцеў да Ваўка, і той стаў зусім прыветным. У добрым настроі вярнуўся ён у вартоўню і, падсеўшы да стражы, захапіў сабе ажно жменю бірулькаў, каб неяк скараціць доўгі час нялёгкай сваёй службы. Нялёгкай — таму што ўвесь апошні час пасьля сьмерці вялікага Гедзіміна ішла замятня вакол вялікага стальца. І хто ведае, ці надоўга затрымаецца тут Альгерд? Ці раптам вернецца Яўнут альбо мяцежны Сьвідрыгайла? Але бывалі ў службе і прыемныя моманты, калі прыходзіў прасіцца на прыём да вялікага князя альбо кагосьці з прыдворных такі вось месьціч з правінцыі і добра плаціў за паслугі…. Воўк узгадаў твар юнака: круглы, яшчэ безбароды, але з лёгкімі вусікамі над верхняй губой і доўгімі, да плячэй, валасамі пад пушыстай бабровай шапкай.

— Як дзяўчына, — падумаў ён і, калі той вярнуўся назад і лёгка пакрочыў уніз, забыўся на наведвальніка. Шмат іх было, цікаўных ды ахвочых, паглядзець на Горні замак і ўзьняцца на стромкую гару, што валадарыла над усёй Вільняй…

Аднак праз тыдзень, калі стражнікі, як звычайна, уздымаліся на гару, а Воўк заставаўся ўнізе, у вартоўні, ён зноў убачыў колішняга юнака.

— Зьязджаю ў Полцеск, — сказаў той, і зноў шчодрая ягоная рука дала Ваўку шэлег.

— Ці дапамагла табе чым Людміліца?

— Дапамагла. Я вязу ад яе просьбу ўзяць майго брата на службу. Можа, і прыдасца ейнае пасланьне.

— А чаго прыйшоў сюды?

— Ці не дазволіў бы ты зірнуць на замак зблізку? Я пакіну ў залог срэбную грыўну, і я адзін. Хачу паглядзець ужо на княскі двор. Можа, нават убачу кагосьці з князёўнаў. Будзе што расказаць у Полцеску! Вярнуся — атрымаеш яшчэ тры шэлегі.

Воўк прагна глядзеў на белыя далікатныя рукі наведвальніка. Тры шэлегі! Калі кожны дзень будзе такім удалым, ён неўзабаве зможа купіць карчму каля Вяльлі, недалёка ад цесьця, які вечна папракае яго за тое, што ён у вольны ад дзяжурстваў час не вылазіць з карчмы. Тады сапраўды яму ня трэба будзе ісьці на апрыкрую службу…