Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 54

Ольга Михайловна Ипатова

— Так, гэта морак… — нечакана для сябе згадзіўся службовец. — Але ж шапталіся ў замку, што багі ўказалі менавіта на гэты дом…

— Багі? — яна наморшчыла лоб. — Няўжо гэта праўда, Тачыла? Няўжо нехта з багоў мог памыліцца? Але багі не памыляюцца, толькі людзі, што тлумачаць іхнюю волю. Дык хто з людзей мог навесьці на гэты дом?

Яна знарок падрэсьліла голасам «людзей».

— Ня ведаю, вялікая жрыца.

— Але хто аддаў табе загад? Хто быў пры тым?

— Загад аддаў сам вялікі князь.

— Вялікі князь… І што ён казаў?

— Ды нічога асаблівага… Як звычайна: абшукайце дом, каралі там.

— А яшчэ што? Узгадай, Тачыла. Толькі ты можаш дапамагчы…

Яна глядзела на яго, і, п’ючы маленькімі глыткамі медавуху, раптам адставіла брэцьяніцу, павольна аблізала вусны тонкім, як у зьмяі, ружовым языком. Ён назіраў за тым нібы зачараваны.

— Ты ж хочаш… сябраваць з нашым храмам?

Сябраваць! Ён пачынаў задыхацца ад нясьцерпнага жаданьня ўпіцца ў гэтыя чырвоныя вусны, дабрацца да цела, якое ведаў ад гнуткай шыі да кончыкаў нафарбаваных заморскімі фарбамі пальчыкаў і якое па-ранейшаму цягнула да сябе.

— Ён сказаў… сказаў адзін толькі незразумелы сказ… — войт мармытаў, нібыта ён быў злачынцам, а яна, гэтая прыўкрасная жанчына — абвінаваўцам. Спыніўся. Прысяга і страх перад князем стрымалі яго.

— Які? Скажы, і нашая падзяка будзе бязьмернай!

Яна паклала руку на калена Тачылы — як прапаліла яго.

— Вялікі князь вымавіў… вымавіў: «Спадзяюся, мой сябра не памыліўся!» А больш я нічога ня ведаю!

— Сябра? Хто? Хто сябра вялікага князя? — прашаптала яна, раздумваючы, і раптам вусны яе сьціснуліся. Імя, пра якое яна ўзгадала, гатовае было прагучаць у паветры, але нездарма яна ўмела валодаць сабой, і таму ўстрымалася, пранікліва зірнула на войта.

– І я хачу табе даверыцца, — пачала яна. — Хаця і ня варта раскрываць сакрэты храмаў, — голас яе быў даверлівым і шчырым, — але я ведаю, што толькі нядаўна вялікі жрэц Лойка трохі акрыяў ад атруты. Малады служка выпадкова даў яму сому, якою паліваюць вогнішча, але якую піць нельга. Шчасьце, што багі ўвогуле выратавалі Лойку, ды толькі пакуль душа яго толькі напалову вярнулася ў цела… Я баюся, што ягоныя прароцтвы недакладныя, атрутныя…

— Дык ты… ведаеш, што гэта Лойка прыходзіў сюды, пад дом тваёй сястры? — ашаломлена ўсклікнуў войт.

— Багі мяне любяць… — загадкава ўсьміхнулася Нара. — Хаця ты сказаў мне ня ўсё, але я хацела цябе праверыць. Ці ты наш… па-ранейшаму? Дык пра што яшчэ ты не сказаў?

— Я толькі чуў… што мечнік прыбег да вялікага князя і даклаў яму пра Лойку. Сам жрэц нібыта моцна захварэў…

— А… мечнік… Гэта той, высокі, са шнарам… Як яго?

— Не, у Сьвідрыгайлы няма шнара…

— Будзе… Бо Сьвідрыгайла памрэ на гэтым тыдні, і нішто не ўратуе таго, хто наводзіў морак на вялікага князя…

— А скажы, вялікая жрыца… калі памрэ Марыя? — прашаптаў, азіраючыся па баках, зусім спалоханы і ўжо прыніжана-лісьлівы войт.