Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 53

Ольга Михайловна Ипатова

— Але чаму яны павінны быць у маім доме? Хто навёў на мяне і маю вялікую сястру гэтую нечуваную хлусьню?

Замест адказу войт абвёў поглядам пакой. І Дзівейна, апярэджваючы яго, прымірэнча сказала:

— Хай яны шукаюць, калі так. Але што перашкаджае табе, гаспадар Вільні, выпіць тут са мною салодкага грэцкага віна? Калі вы знойдзеце тое, што шукаеце, я нікуды ня дзенуся ад цябе. Калі ж ня знойдзеце…

У ейным мяккім, нізкаватым голасе прагучала ледзь улоўная перасьцярога. Войт перасмыкнуўся. Ня меней, чымся гневу гаспадара, баяўся ён гневу багоў. Вялікая жрыца Лады, як ведалі ўсе, магла накіраваць гнеў багіні супраць вінаватага. А што, калі ён, гаспадар гораду, будзе раптам пазбаўлены мужчынскай сілы? Што яшчэ дасьць яму ў жыцьці асалоду, якую хаця аддалена можна параўнаць з тым любоўным шалам, якую атрымлівалі ў храме Лады? Таму ён прымірэнча згадзіўся на прапанову Дзівейны і разам з ёю сеў за разьбяны бліскучы столік з пярлінавымі ўстаўкамі, на які служка паставіла карчагу віна і два вялікія шкляныя келіхі, а таксама паклала жаўтаватыя кавалкі заморскага ласунку — цукру, а яшчэ гарэхі і фінікі. Тым часам войтавыя стражнікі расьціснуліся па пакоях, каб шукаць тое, на што ўказана ім было з усёй строгасьцю і пагрозамі. Сам жа Тачыла нібыта забыўся на тыя пагрозы. Ён сядзеў насупраць найпрыгажэйшай дзяўчыны стольнага гораду, якім кіраваў паводле даверу Альгерда і, гледзячы на шаўковыя попельныя валасы, прамы прыгожы нос, сустракаючы ясны лазуровы позірк красуні, адчуваў, што галава ў яго пачынае кружыцца. Ці віно аказалася такім моцным, ці чараваў погляд Дзівейны, але калі праз нейкі час ля мураванкі зарыпелі палазы санак і пачуўся знаёмы ўсёй Вільні голас вялікай жрыцы Нары, слуга вялікага князя пачуваў сябе расчуленым і разьмяклым, нібыта кавалак воску. А калі, гнеўная і невыказна — прыгожая, нібыта сама багіня (толькі вопытнае вока магло разгледзець на твары Нары румяны і старанна ўцерты белы парашок, што хаваў зморшчыны), гэтая вялікая жанчына Вільні ўвайшла ў пакой, войт адчуў, што ён нібыта трапіў у рукі бязьлітаснага, але выдатнага майстра, які пачне з яго, воску, ляпіць нешта, вядомае толькі самому гэтаму майстру.

— Ты шукаеш смарагдавыя каралі вялікай княгіні тут?!

Яе голас запоўніў пакой.

— Такі загад вялікага князя… — слаба прамармытаў Тачыла, ужо разьмяклы ад віна і слодычы.

— Яго зачаравалі вялікім моракам, — упэўнена і гнеўна сказала Нара. Яна сьлізганула запытальным поглядам па сястры, і тая адказала ёй ясным нявінным поглядам. Тады прасьвятлеў і погляд вялікай жрыцы.

— Вы шукаеце тут, дзе іх ніколі не было і быць не магло, у той час як зламысьнікі чакаюць сьмерці вялікай княгіні!

— А яна сапраўды памрэ? Ці адкрылі табе гэта багі? — наіўна, нібыта ня быў ён шматмудрым войтам, а юным хлопцам, які разгублена стаіць ля дзьвярэй храму, запытаўся Тачыла.

— Адкрылі. Жыць ёй сапраўды нядоўга. Такая воля багоў. І морак, што напаў на вялікага князя, пройдзе. А нам з табою яшчэ ня раз сустракацца, Тачыла, так? — на ейных вуснах зазьмяілася і тут жа прапала ўсьмешка, ад якой войт ачмурэў нанова, і ўжо не Дзівейна, а Нара здавалася яму прыўкрасьнейшай жанчынай на сьвеце.