Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 52

Ольга Михайловна Ипатова

— Сястра!

Але на ягоны голас ніхто не азваўся. Тады слугі кінуліся ўверх, але пабачылі толькі расчыненае вакно, у якое нетаропка ўляталі рэдкія сьняжынкі…

Дарэмна абышлі слугі Бурылы ўсе пакоі, скляпеньні і сьвятліцы вялікага дому. Уна зьнікла з бацькоўскага гнязда, нібыта вылецела птушкай праз акно альбо ўзьвілася дымам праз комін.

ДАРЭМНЫ ВЫШУК

– Імем вялікага князя і войта Вільні! Адчыняйце!

У дзьверы грукалі ўладна і груба. Дзівейна разгублена стаяла пасярод пакою, малінавы ваўняны плашч зваліўся з ейных плячэй, твар пабялеў і выцягнуўся.

Служка чакала загаду, але маладая гаспадыня ня ў сілах была вымавіць ні слова, і таму грукат мацнеў і нарастаў.

— Затрымай іх каля парога — нарэшце прашаптала Дзівейна. — І пашлі каго па сястру. Хай едзе хутчэй сюды…

Здранцьвеньне яе паступова праходзіла, і калі служка, тупаючы драўлянымі калодкамі, стала спускацца ўніз, дзяўчына як ачуняла. Яна кінулася ў лажніцу, садрала з драўлянае рагаціны насупраць ложку тое, з-за чаго ламіліся ў ейны дом стражнікі, абгарнула каштоўнасьць у парчовую хустку і, хуткамгненна адчыніўшы разьбяную дзьверку пад бажніцай, запіхала скрутак у сакрэтную схованку. Калі падняліся наверх стражнікі і з імі сам войт Вільні, яна ўжо зноў стаяла пасярэдзіне пакою — у малінавым плашчы з залатой фібулай пад точаным падбародкам, і яркі румянак на яе моцных круглаватых шчоках гожа адцяняў чорныя вейкі і лазуровае адценьне вялікіх вачэй.

— Няўжо ў мой дом трэба ўрывацца так, нібыта тут жывуць таці? — наіўна ўсьміхаючыся, яна зірнула на войта і апусьціла вочы, нібы саромеючыся мужчын, што запоўнілі пакой, і ўсе разам глядзелі на яе як на дзіва. Войт Тачыла трохі сумеўся. Сярдзіты ад таго, што давялося доўга стаяць пад дзьвярыма, ён разам ахалануў і сьцішана прамовіў, гледзячы на дзяўчыну:

— Я ведаю, які гэта дом і чыя ты сястра. Але загад вялікага князя… У тваім доме схаваныя каралі вялікай княгіні, а гэта злачынства. Таму…

— Каралі вялікай княгіні?! — Дзівейна пахіснулася, пашукала вачыма крэсла, села на яго. Вялікія вочы яе былі шырока расплюшчаныя. — Ты кажаш: каралі вялікай княгіні? Тыя, смарагдавыя, пра якія гаворыць уся Вільня?!

Тачыла сумеўся. Ён чакаў іншае рэакцыі. Не аднойчы даводзілася яму весьці да дубовай калоды зламысьнікаў спачатку Гедзіміна, цяпер жа ягонага сына Альгерда, заўсёды гатовы ён быў сьцяць горлам таго, на каго ўкажа яму гаспадар. Але цела ягонае добра памятала тую нечуваную асалоду, якую час ад часу меў ён у храме багіні Лады, асабліва ж тады, калі выбірала яго сама вялікая жрыца Нара. І хаця ейная сястра была цнатліўкай, міжволі, увайшоўшы ў пакой, прамацаў ён поглядам мужчыны, які разьбіраецца ў жаночай прыгажосьці, тонкі выгіб клубоў і высокую шыю, белыя рукі і моцныя, шчодрыя вусны маладой гаспадыні. Ён ведаў такія вусны — адзін дотык іх адпраўляе ў Ірый, дзе існуе вечная насалода і вечнае жаданьне…

Таму ён адказаў больш мякка і памяркоўна, чым зьбіраўся раней:

— Ты лепей скажы мне, дзе яны. І я буду прасіць для цябе літасьці ў вялікага князя. Бо мае паслугачы больш хітрыя, чым сабакі, яны пранюхаюць кожную палавіцу і кожную шчыліну ў сьценах.