Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 46

Ольга Михайловна Ипатова

Так, паміж жрацамі даўно не было міру. Некалі адзіныя ў сваёй магутнасьці і веры, яны, пакаленьне за пакаленьнем, страчвалі старажытныя веды і ад таго слабелі. Але каб схаваць ад простых сьмяротных гэтую сваю слабасьць, клапаціліся пра багацьце храмаў, песьцілі сваю асабістую ўладу і ўсімі сродкамі шукалі рычагі ўплыву на вялікага князя. Калі ж нехта, падобна Лойку, спрабаваў аднавіць даўняе, чыстае, шчырае вучэньне, яны казалі, што зараз трэба абараняць і багоў, і сябе ўсімі сродкамі. Сродкі ж тыя часта былі несумяшчальныя з Вучэньнем, і жрацу цяжка было бачыць тое, супраць чаго паўставаў ён усё сваё жыцьцё — агульнае пацямненьне чалавечага духу вакол. Усё было ўзаемазьвязанае: жрацы саступалі ў галоўным, цемра паступова залівала сьвет, сьвятло згасала з кожным новым пакаленьнем людзей… А гэта, у сваю чаргу, выклікала тое, што назіраў ён зараз, і што, як вучыла старажытнае вучэньне, некалі згубіла магутных волатаў — папярэднікаў сёньняшняга чалавецтва. Гэта была бязьмерная хцівасьць і самалюбства, суперніцтва за ўладу і багацьце. Страшны патоп абрынуўся на Зямлю, апошнія волаты дажылі свае жыцьці задоўга да сёньняшніх пакаленьняў, але зараз, вось ужо стагоддзе за стагоддзем, усё нібы пачынаецца спачатку.

Таму барацьба сярод служкаў, што ўзмацнялася з кожным годам, нагадвала Лойку сумны канец волатаў і прымушала яго напружваць усе сілы…

Выгнаньне маладых прыдворных са сваіх пасадаў закранала і ягоныя інтарэсы. Магчыма, яму сапраўды трэба ўмяшацца ў калатнечу вакол смарагдаў — можа, праўда аб іх выкраданьні высьвеціць цёмныя постаці, што стаялі за ўсім гэтым?

І другі вынік усяго, што адбылося, праглядалася Лойку: вялікі князь напалоханы. Ну, можа, лепей — занепакоены. Ён не паказвае таго, але на душы ў яго цяжка. Жрацы занадта напорыста вырвалі ў яго Кумца, і ён ня можа не разумець, што ўсё няпроста і з Няжылам. Навошта хлопцу красьці смарагды, якія ён наўрад ці зможа прадаць? І хто купіў бы іх? І дзе яны, нарэшце?

Вось аб гэтым — знайсьці сапраўднага злодзея — і прыйшоў прасіць вешчуна Лойку сябра маладога падчашага. Адмаўляючы яму, Лойка тым самым як бы адварочваўся ад таго, што важным было і для яго самога. І ён, ці то адмаўляючы, ці то згаджаючыся, нарэшце матлянуў галавой:

— Добра. Тады пачнём маленьне.

— Зараз? — ня верачы вушам, перапытаў Сьвідрыгайла.

— Зараз. Твой пыл удыхнуў у мяне новыя сілы. Я даўно не выходзіў да багоў. А гэта важна — часта гаварыць з імі. Іначай яны перастаюць цябе пазнаваць. А цяпер выйдзі. Я абмыю рукі і цела, а таксама пераапрануся. Табе таксама трэба абмыцца — тыя, хто прыдуць, не павінны загневацца.

І ён падрабязна расказаў мечніку, што той павінен рабіць.

…Рыпнулі ў скрэпах патаемныя дзьверы, што былі схаваныя за ласінымі рагамі і ручнікамі, і зачыніліся за Лойкам. Абмыўшыся з сярэбранага рукамыйніка, дзе вада лілася з рота разьбянога эмалевага Сварога, мечнік і служка сталі чакаць, пакуль там, за дзьвярыма, вымыўся і пераапрануўся сам вярхоўны жрэц. Яны чулі, як пасьля ён доўга маліўся багам, падняўшы рукі ўгору і, нарэшце, выпіў пьянкога пахкага адвару, ад водару якога мечнік, што стаяў непадалёку ад дзьвярной шчыліны, нібы ачмурэў.