Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 47

Ольга Михайловна Ипатова

У белым балахоне, белым, чысьцюткім, як сьнег, каўпаку, з арэхавым жэзлам у руках, Лойка кінуў у круглую гліняную чашу-печ, што месьцілася пасярэдзіне схаванага ад усіх пакою, чырвоны вугаль. Быў ён прынесены ад цяпельца перад невялікай постацьцю меднага Сварога, што стаяў звонку перад дзьвярыма Лойкавага жытла. Агонь, што дакрануўся да сухіх пахкіх сьцяблін запаветных зёлак, узьвіўся так ярка і нечакана, што мечнік адхіснуўся. А Лойка спакойна акрэсьліў вакол яго, а потым вакол сябе кола і, перасьцярогшы мечніка, каб той нават палец ня высунуў з-за круга, пачаў чытаць заклінаньні.

Сьвідрыгайла так потым да канца жыцьця нікому ня змог расказаць, што ён убачыў у патаемным пакоі, і што за здані абкружалі жраца, цягнучы да яго то чорныя, то празрыстыя рукі, якія крыкі чуў ён там, хаця тросься як ліст, закрываючы вушы і заплюшчваючы вочы. Агонь кідаўся чырвонымі касьнікамі, то абпальваючы Лойку, то адхінаючыся ад яго, нібыта кіравалі ім нейкія сілы. А пасьля, прыціхлы, пеўнікавым грабеньчыкам лёг да ног галоўнага жраца, і той пагладзіў яго, нібыта сапраўднага пеўніка, зморанага ў бітве. Затым моўчкі, ня кажучы ні слова, пайшоў, як паляцеў са сьвяцілішча, не апранаючы ні футра, ні бабровай шапкі. А мечнік разгублена, трушком пасунуўся за ім, але таксама ня мовіў ані гуку — такая была папярэдняя дамова паміж імі. Ішоў і служка — танклявы худы дзяцюк, паклаўшы на плячо лісінае футра для гаспадара…

Начная Вільня была засьнежаная і нямая. Поўня, шчарбатая і ахінутая аблокамі, як галодная жабрачка лахманамі, скалілася над замкавай вежай, дзе адно ўнізе мільгацелі цьмяныя агеньчыкі, — там сядзела варта. Вокны мураванак сьлепа і цёмна глядзелі на вуліцу, па якой ішлі і ішлі тры чалавекі: жрэц у доўгай белай кашулі, нямы і доўгі, як навец, мечнік, разгублены і праставалосы, сутаргава сьціскаючы ў руцэ дзяржальна мяча. І даўганогі служка, спакойны і звыклы да ўсяго.

Нарэшце Лойка спыніўся. Спраўляючыся з дрыжыкамі на целе, мечнік пабачыў, што вялікі жрэц ішоў, не расплюшчваючы вачэй, як быццам вяла яго нейкая магутная сіла, а ён толькі не супраціўляўся. Працягваючы дрыготкія рукі наперад, Лойка нарэшце сказаў голасам, што, здавалася, ішоў аднекуль здаля:

— Яны тут. Смарагды на шыі ў дзяўчыны-цнатліўкі, і закляцьце ляжыць на іх. Закляцьце супраць вялікай княгіні. Шукайце праклятыя смарагды тут!

Ён расплюшчыў вочы, некаторы час няўцямна азіраўся навокал, пасьля падняў на мечніка атуманены твар. Сьвідрыгайла спалохаўся: звычайна цьвёрды і разумны погляд Лойкі цьмянеў, згасаў. Але ён ужо не глядзеў на яго, а прагна ўзіраўся ў вокны за плячыма жраца.

Яны ўсе стаялі перад аднапавярховым доўгім будынкам з разьбяной брамай. Мечнік ведаў яго. Як ведала ўся моладзь Вільні, што гатовая была зрабіць гэтую ўтульную мураванку з высокімі паўкруглымі вокнамі яшчэ адным храмам вечна маладой багіні каханьня Лады. І таму ён ня мог паверыць сваім вачам.