Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 45

Ольга Михайловна Ипатова

МАЛЕНЬНЕ

Ласіныя рогі вытыркаліся паўсюдна, нібы цэлы статак гэтых лясных жыхароў пастаў навокал круглага стала, за якім сядзелі вярхоўны жрэц Лойка і мечнік Сьвідрыгайла. Але не — гэта толькі полымя сьвечкі пахіствала цені прыбітых да сьценаў касьцяных атожылкаў, на якіх віселі зялёна-шэрыя пукі сушаных зёлак, яркія стужкі і ручнікі.

Лойка быў без свайго звычайнага белага каўпака. Яго круглая галава з глыбокімі пралысінамі па скронях і рэдкімі валасамі, што тырчком стаялі на макушцы, хісталася ў такт словам, якія жрэц казаў павольна і разборліва, нібы ўбіваючы іх у лоб субяседніку:

— Выказаўшы жаданьне стаць хрысьціянінам, Няжыла сышоў з-пад апекі нашых багоў. Мне давядзецца шукаць яго душу ў іншых прасторах, а туды заходзіць я яшчэ не магу, дый гэта і небясьпечна.

— Нават табе, вялікі жрэц? Наймацнейшаму сярод усіх нашых мудрацоў?

— Нават мне. Нязьмерныя прасторы, куды сыходзяць чалавечыя душы, як жывыя, так і мёртвыя, бо сьмерці няма! Хрысьціянскі прастор для нас яшчэ невядомы, нам не было патрэбы прарывацца ў яго і там пытацца пра важныя, але зямныя рэчы. Язычніцкі Ірый — вось дзе мне лёгка і звыкла, але і там бываюць цёмныя сьцежкі…

— Але я не прашу цябе ўздымацца ў Ірый. Няжыла тут, сярод нас, і ён ня краў смарагдаў — іначай хай мяне неўзабаве павязуць у дубовай калодзе! Ды і які ён будучы хрысьціянін! Проста любіў брата — вось і вырашыў падтрымаць яго ў гэтай дурасьці.

Лойка строга глянуў на мечніка — маладога, натапырлівага, з чорнымі макавінамі шчэці, што праступала на шчоках, нягледзячы на галеньне.

— Сын мой, гэта ня дурасьць. Хрысьціянства — надта небясьпечнае вучэньне, яно залівае нашу зямлю гэтак жа няўхільна, як паводка — нізіну. Хай твой сябра лепей згніе ў вязьніцы, чым выйдзе на волю хрысьціянінам.

— Але гэта надта жорстка, вялікі жрэц. Няжыла — просты і добры хлопец, ягоны ж брат Кумец — стралок з лука, якога ніхто ня можа пераўзыйсьці ў Вільні.

— Бяз жорсткасьці мы не абаронім нашых багоў.

— А мне здаецца — і без справядлівасьці. Невінаваты чалавек немінуча пракляне багоў, якія яго не абаранілі ў цяжкі час.

— Ён адрокся ад іх! Сын мой, я любіў твайго бацьку, і таму згадзіўся сустрэцца з табой. Ды і цябе некалі трымаў на руках. Ваш дом заўсёды быў апорай нашага храму. Але ратаваць амаль што хрысьціяніна?!

— Вялікі жрэц, хаця я і мечнік, і сяку ў баях галовы, як качаны капусты, але мне шкада сябра. Ты сам казаў некалі ў школе, што літасьць сэрца — самы кароткі шлях да Ірыя.

— Тады быў іншы час — задуменна прамовіў Лойка. Ён вагаўся. Адчуваў, як няпроста ўсё сплялося ў гэтым загадкавым крадзяжы. Зьнешні вынік яго бачыўся ясна — на месцы Няжылы цяпер служыў чалавек, які быў чалавекам Нарбута і пакланяўся вялікай жрыцы Нары, што значна ўзмацняла ейную вагу. Значыць, сілы, якія даўно тайна варагавалі з ім, Лойкам, могуць хутка перайсьці ў наступ. Літасьці яму ня будзе, хаця і належыць Лойка да агульнага, як здавалася шараговым людзям, сьвету жрацоў.