Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 44

Ольга Михайловна Ипатова

Тое, што да яго, брата хрысьціяніна, ставяцца горш як да сабакі, ён адчуў толькі ў гэтым падзямельлі. Калі б быў проста злачынцам, такога зьдзеку не было б, — цяпер ён быў у тым упэўнены. І ў гэтым была падвойная несправядлівасьць. Несправядліва, што ён пакутуе за хрысьціянства, якое яшчэ нават не прыняў усьлед за братам, ня надта ў ім талопячы. Несправядліва, што яго лічаць злодзеем, які падгаварыў Рэчыцу ўкрасьці каштоўныя каралі.

Узгадаўшы пра Рэчыцу, ён адчуў яшчэ большы страх: што з ёю? На дазнаньні, якое ўвечары ў судовай палаце праводзіў сам князь і куды ў калодках прывялі Няжылу, яе нібы асядлаў Злыдух: дзяўчына плакала, кідалася ў ногі Гаспадару, калацілася галавой аб жоўтыя масьніцы. На яго амаль не глядзела. Няспраўджаны цесьць таксама ўразіў да самага нутра: Баравік бажыўся Перуном, што ніколі не зьбіраўся выдаваць за яго дачку, бо адразу адчуў: такі можа падгаварыць і на забойства, і на рабаўніцтва, хай ратуюць нас усіх Род і парадзіхі!

На другім допыце Рэчыца зусім зьехала з глуздоў: паказала, што ўкрала смарагды па загадзе жаніха. Цьвердзіла, што адразу ж перадала іх Няжылу, бо ён «чарамі навёў на яе морак». І, калі зусім ачамярэлага, вялі яго ў вязьніцу, дзе будзе ён чакаць суда — альбо пакараньня сьмерцю, альбо вечнага захланьня ў цемры — яна закрычала з нянавісьцю і пракляла яго, а потым цяжка, як аржаны сноп, упала на падлогу без прытомнасьці.

І, зноў як перажыўшы ўсё гэта, Няжыла завыў немым голасам і стаў біцца аб каменную сьцяну.

А калі ўпаў зьняможаным і скрываўленым, раптам пачуў, як нейкі далёкі, але знаёмы голас нібы б’ецца ў дзьверы, спрабуючы дастукацца да слыху:

— Брат! Брат! Няжыла!

— Ратуй мяне Дажбог! — хлопец падняў ацяжэлую галаву. І закрычаў што сілы:

— Ку-мец!

— А-а-а! — панеслася рэха — уздоўж вільготных каменных сьцен, сатлелых чарапоў і ўсё яшчэ прыкаваных да сьценаў шкілетаў. І вярнулася назад:

— Бра-а-ат!

Дзіўны спакой сышоў на Няжылу. Брат тут, дык, можа, гэта і да лепшага? Ён прыдумае нешта, яны ўратуюцца. Быць таго ня можа, каб іхнія жыцьці скончыліся тут, сярод камянёў, у сырасьці падзямельля, дзе і зараз толькі што бліскалі ў глыбіні калідору чырвоныя вочы гарцукоў, і дзе зусім блізка, амаль пад нагамі, бушуе полымя падземных кузьняў Жыжаля.

Ён мусіў берагчы сілы, каб некалі ўстаць на поўны рост і крыкнуць усяму сьвету, што ён нявінны ні ў якім зладзействе. Ня трэба дапускаць нават думкі пра тое, што тут гадамі гніюць жывыя людзі, якім няма ходу наверх, да сьвятла і сонца, і можа, гэтыя людзі таксама невінаватыя, як і ён. Як і ягоны брат…