Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 48

Ольга Михайловна Ипатова

Гэта быў дом, дзе жыла сястра вярхоўнай жрыцы Нары Дзівейна.

Пачуўся глухі крык, мечнік зірнуў на Лойку і другі раз за гэты час аслупянеў: жрэц падаў на рукі спалоханага служкі, вочы яго закаціліся, белая пена выступіла на вуснах.

— Што з ім? — ускрыкнуў Сьвідрыгайла.

— Ударылі… яны ўдарылі… — мармытаў Лойка.

— Каралі… праклятыя каралі і яна… яна… На…

— Хто — яна?

Адказу не было. Вялікі жрэц Сварога абвяла і бездапаможна хіліўся долу, на сьнег, вытаптаны іхнімі нагамі, на вуснах у яго выступіла пена, а вочы страшна закаціліся пад лоб. Спалоханыя мечнік і служка, параіўшыся, сплялі рукі і, пасадзіўшы на іх зьнерухомелага жраца, пацягнулі яго назад, у храм…

УНА і КРУГЛЕЦ

Дзяўчыну калацілі дробныя дрыжыкі. Сьлёзы цяклі па круглых, як рэпкі, шчоках, стужкамі з вяночка яна выцірала вочы.

— Табе застаецца жыцьцё! — па-нямецку сказаў ёй Круглец. Гэтым сказам, які крыжакі крычалі воям Княства перад боем, спрабуючы падарваць іхнюю ўпэўненасьць, брат і сястра абменьваліся, калі хацелі суцешыць адзін аднаго. Але на гэты раз Уна не ўсьміхнулася, як звычайна. Яна ўскінула на брата вочы і прастагнала:

— Яго павеся-аць!

— Ды што ты! Княгіня Марыя абароніць. Яна ўгаворыць вялікага князя зьмякчыць прысуд, а пасьля… пасьля мы аддадзім за яго выкуп жрацам. Мы прынясем багам ахвяры. І ён зноў вернецца да нас.

Гаворачы гэта, ён ведаў, што надзеі на выратаваньне Кумца амаль не засталося. Круглец спрабаваў пагаварыць з княгіняй, ды яму, які заўсёды мог прайсьці да вялікай княгіні, цяпер адмовілі. Да таго ж, гаспадарыня хварэла. Яна ляжала, цяжка ўздымаючы грудзьмі пуховую пярыну пры кожным хрыплым удыху і выдыху — тое ўбачыў ён, дабраўшыся да самых дзьвярэй лажніцы. Але далей яго не пусьціла варта. Новая пакаёўка вялікай княгіні Гайна ўсё ж выйшла да сына Леся, якога і дасюль шанавалі ў замку, насьмешліва выслухала хлопца і прамовіла зласьліва:

— З-за такой драбязы турбаваць вялікую гаспадыню? Цябе, відаць, акруціла Стрыга, а гарцукі падсмажылі галаву. Княгіня хворая, а ты хочаш тлуміць яе клопатам пра злачынцу!

— Ён мой сябар! — загарачыўся і засьпяшаўся даказаць сваё Круглец. — І брат яго таксама невіноўны!

— Адкуль ты ведаеш?

— Адчуваю душой!

— Душой! Яго абвінавацілі жрацы, а яны не памыляюцца.

Тады ён паспрабаваў пераканаць яе іншым.

— Паслухай: жрацы служаць багам, а мой сябра прыгожы, як Лель, ты ж яго бачыла. Няўжо табе яго не шкада? Нават багі ня любяць, калі мы, людзі, нішчым прыгажосьць.

— Ён сам нішчыць багоў, — строга адрэзала, адразу пасур’ёзьнеўшы, Гайна. — Ён ня верыць нашым сьвятыням, раз адрокся ад іх. Я не дапамагу такому чалавеку!

Круглец услухоўваўся ў ейныя словы. Нешта падазронае было ў цьвёрдасьці і непрыступнасьці дзяўчыны. Але што? І ён зноў паспрабаваў угаворы:

— Ты яго абвінавачваеш у хрысьціянстве. Але ж княгіня сама хрысьціянка!

І тады служка, гордая сваёй прыналежнасьцю да ўлады, да яе залатога зьзяньня, сказала, як адрэзала:

— Князям можна. А нам — не!

…І цяпер, гледзячы на бездапаможны плач Уны, на сярэбранае шытво ейнай сукні, прамоклай на грудзях, малады чалавек змрачнеў усё болей. Старэйшы за сястру, ён заўсёды быў для яе апорай, асабліва пасьля сьмерці бацькі. Багаты іх дом паступова рабіўся ўсё цішэйшым: сёстры яго і Уны выходзілі замуж, адна за адной пакідалі свае дзявочыя сьвятліцы, і цяпер у двухпавярховай мураванцы засталіся толькі брат з сястрой ды іхняя старая цётка, якая амаль не ўставала з ложа.