Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 40

Ольга Михайловна Ипатова

І тады Кумец як страпянуўся. Ён вырваў рукаў з кіпцюроў вялікай жрыцы і сказаў гэтак жа гучна, як і Бурыла:

— Было.

І ў раптоўным здранцьвеньні натоўпу разьнесьліся ціхія, але вельмі спакойныя словы, зьвернутыя да жрацоў:

— Я даўно спавядаю Хрыста і люблю яго ўсім сэрцам. Ён ня жорсткі, як вы. Ён ня хцівы, як вы. І ён ніколі ня хлусіць, як хлусіце вы, вялікія жрацы, што даўно ашукалі сваіх багоў гэтак жа, як і сваю паству.

І тады ўсё зноў закружылася, завіравала, загаласіла — галасамі Нары і Бурылы, загадамі Альгерда і ваяводы, сьлязьмі Марыі, роспачным воклічам Кругляца.

Праз якую гадзіну закуты ў жалезьзе Кумец вісеў на сьцяне страшнай падземнай вязьніцы, страціўшы прытомнасьць ад нязвыклага і неспадзяванага болю. А брат яго Няжыла, пачуўшы, што некага таксама кінулі ў каменны мяшок, крычаў у сьмярдзючую цемру падзямельля, а драўляны ашыйнік бязьлітасна ўпіваўся ў яго надзьмутыя ад напружаньня жылы:

— Хто там, гэй! Хто там ёсьць? Перадайце вялікаму князю і майму брату, што я не вінаваты! Перадайце, чуеце?!

АЛЬГЕРД

Сьвяшчэнны дуб высока і вольна ўзносіў свае жылістыя, натруджаныя доўгімі гадамі рукі-галіны над пагоркам каля сьвяцілішча Перуна.

Прыціснуўшыся да яго сьпіной, вялікі князь Альгерд адчуваў, як спакойна, нібы празрыстая вада ў жарале крыніцы, струменіцца па ствале магутная сіла, якая перадаецца і яму. Пастаўшы вакол дуба, жрацы сьпявалі сьвяшчэнны гімн, зьлёгку прыстукваючы драўлянымі дошчачкамі ў канцы кожнай страфы.

Мову, на якой яны нарасьпеў прамаўлялі казаньні, Альгерд добра разумеў — у дзяцінстве яго вучылі ўсяму, што спатрэбіцца для валадара. Ведалі яе і браты вялікага князя. Але сёньня княжаты, мабыць, забыліся на тыя заняткі — заняўшыся кожны сваім удзелам, яны больш ваявалі, чым прыходзілі да жрацоў. І сам ён, калі быў толькі валадаром Віцьбеску і Крэва, таксама, як і ўсе яны, бясконца круціўся ў віры падзей, якія скаланалі княства.

Толькі стаўшы вялікім князем, шмат часу стаў ён аддаваць сьвяцілішчам. Жрацы былі сілай, якая цяпер толькі і магла зьмесьці яго са стальца. Нягледзячы на тое, што войска Альгердава было яму вернае і ня раз даказвала сваю перавагу над нахабнымі і фанабэрыстымі крыжакамі, усё ж чым яно было ў параўнаньні з чалавечым мурашнікам, які шчыраваў тут, у сталіцы? Покліч жрацоў — і мурашнік гэты імгненна аблепіць яго, ягоных вояў і жменьку купцоў-хрысьціян, абсмокча і згрызе да касьцей, як згрызаюць нябачныя простым вокам зяпы мурашак зьмяю, што трапіла да іх. Яна яшчэ выгінаецца, сіпіць, а хвост яе і тулава на вачах распаўзаюцца, адкрываючы белыя храсткі шкілету…

Вось такі кліч можа кінуць і вярхоўны жрэц Бурыла, які ўгодліва, з ветлай усьмешкай зазірае яму ў вочы. Але пад гэтай мяккасьцю і лагоднасьцю — жалезная воля, гадамі інтрыг замацаваная і крывёй палітая ўлада. Кейстут, магутны брат, і той схіліўся перад Бурылам, просячы ягонай падтрымкі, каб скінуць Яўнута. І вялікі жрэц Перуна абяцаў дапамогу, узамен атрымаўшы нямала золата і каштоўных камянёў. Але галоўнае, чаго патрабаваў Бурыла, — каб хрысьціянам не было аніякага спрыяньня пры двары, каб двор вялікага князя цалкам заставаўся язычніцкім. І Альгерд абяцаў яму тое. Вось чаму, як бы не заўважаючы хрышчэньня Кумца і Кругляца, хаця, вядома, пра тое дакладала яму Марыя, ён змушаны быў рабіць выгляд, што дазнаўся аб тым толькі прылюдна, быў змушаны падтрымліваць Бурылу.