Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 42

Ольга Михайловна Ипатова

І Альгерд адчувае, як дробна пачынае дрыжаць у ім страх. Жрацы зьведалі тое, што пакуль было таямніцай для яго, гаспадара Княства, бо ён верыў, што самае страшнае для княгіні яшчэ далёка наперадзе, што яна выкараскалася з небясьпечнай хваробы, і маленьні жрацоў дапамаглі ёй. Яны паслухалі і печ, якая стаіць у княгінінай лажніцы. Калі ўсё гэта праўда… Хуткая сьмерць Марыі можа сапраўды істотна пагоршыць яго становішча: Віцьбеск адразу пачне думаць не аб ягоных інтарэсах, а аб сваіх уласных — сапраўдным спадчынным князі, сынах Альгерда. А ці можа ён давяраць уласным дзецям? Ці не захоча старэйшы Андрэй адасобіцца?

І што такое, сапраўды, жыцьцё двух хлопцаў перад вялізнымі, на паўсьвету, праблемамі Вялікага княства, створанага такімі намаганьнямі, такой крывёй і потам?!

Бурыла ўсьміхнуўся, прачытаўшы ў вачах князя рашэньне, у якім ён ніколькі не сумняваўся.

— Загад аб тым хутка будзе падрыхтаваны. А тады я перадам у твае рукі Кумца. Няжылу, як злодзея, будзе судзіць суд зямны!

— Ты мудры валадар. Але дазволь паправіць: я ўсяго толькі адзін са жрацоў. І таму не ў мае рукі ты аддасі нягодніка, а на агульны суд вешчых старцаў…

Бурыла ледзь хаваў сваю радасьць. Было чым ганарыцца: аддаючы ім Кумца, вялікі князь прызнаваўся ў сваёй слабізьне, не разумеючы, што гэта толькі пачатак. Хутка чарга дойдзе і да іншых. Да дому нядаўна ўсемагутнага Леся, да яго сына Кругляца. Да недаступнай пакуль Уны…

У ВЯЗЬНІЦЫ

Пацук грыз ягоны бот, і толькі калі востры, як нож, зуб упіўся ў нагу, Няжыла прачнуўся, тузануў нагой. Тлусты і моцны, як вепручок, зьвярок адляцеў у кут, коратка віскануў і зьнік.

Абуджэньне было такім цяжкім, нібыта падземныя гарцукі ператварылі ягоныя ногі ў жалезьзе. Няжыла памацаў нагу — не, ягоныя ногі на месцы, проста іх да аняменьня сьціснулі драўляныя калодкі. Навобмацак дрэва было гладкім — мабыць, яго сваімі целамі адпаліравалі ранейшыя вязьні. Хлопец адчуў, што палец пачынае балець і тачыцца крывёй.

Учора ён шмат крычаў. Непадалёку, за павароткай доўгага цёмнага калідора, да жалезных уступаў у сьценах прыкавалі нейкага збродня. Збродня — таму што нават не адгукаўся ні на крыкі, ні на заклікі. І цяпер Няжыла сам не хацеў яго клікаць зноўку. Зараз наглядчык прынясе міску сьмярдзючай поліўкі, якая на кароткі час залье агонь, што цяпер увесь час смактаў ягоныя вантробы. І ён цярпліва чакаў ужо знаёмых крокаў на калідоры.

Наглядчык Заяц не ішоў — ляцеў да свайго вязьня. Радасьць, мабыць, перапаўняла яго. Ён ведаў навіну, якою хацеў дабіць маладога прыдворнага, якому зайздросьціў нават цяпер, калі яго дарагі, з белай воўны каптан ператварыўся ў рызьзё, а тонкія юхтавыя боты былі абгрызеныя пацукамі. Заяц не паднёс, а шмаргануў на падлогу драўляную тарэлу з поліўкай, а ягоныя словы нібыта секлі няшчаснага, змучанага вязьня гострай, як сьмерць, шабляй: