Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 39

Ольга Михайловна Ипатова

— Я апекаваўся табой, як сынам, бо бацька твой шмат выручаў нас у паходах. І ведаю, што ты не адрокся ад старадаўняй веры. Дык скажы праўду: крыж ты носіш толькі з павагі да княгіні, ці ня так?

Гэта была падказка. Выратавальная вяроўка, па якой грэшнік з бездані выкараскваецца наверх. Бурыла пачырванеў так, быццам уся кроў ударыла яму ў галаву. Кумец паглядзеў на Марыю. Яе заступніцтва магло б дапамагчы. Яна бачыла яго ў храме. Значыць, для Альгерда ў тым таксама не было сакрэту. Але цяпер, выкрытае перад усімі, яго хрышчэньне сапраўды выглядала злачынствам.

Вялікая княгіня млява і няўцямна глядзела перад сабой. Яна, мабыць, нават не разумела, пра што ідзе гаворка. Уся яе пастава сьведчыла: ёй блага, яна вось-вось страціць прытомнасьць, але стараецца трымацца ў крэсьле, нібыта яно, крэсла, само жыцьцё, якое ёй так ня хочацца пакідаць.

Гурба людзей напружана чакала, што ж адкажа Кумец. І той, бледны, як мярцьвяк у дубовай калодзе, ня мог расьціснуць зьледзянелых вуснаў. Ён, які не ўздымаў вачэй на навакольных, а бачыў толькі Гаспадара і ягоную жонку, раптоўна нейкім неспасьцігальным чынам спасьціг бязьлітаснасьць зялёных вачэй Бурылы, старанна схаванае акруценства кашталяна Нарбута, аблуднае і халоднае лязо вуснаў Нары. Узгадаў вокамгненна, як два гады таму на ловах вялізны сякач са страшнымі паўмятровымі ікламі пратараніў і раскідаў ахову Альгерда. І ён, Кумец, кінуўся напярэймы, пасьпеўшы за якое імгненьне да непапраўнага ўсадзіць свой востры корд якраз у разьятранае сэрца кабана і выратаваць гаспадара Княства.

— Не маўчы — кажы!

Нешта ўсё ж паспрабавала выказаць вялікая княгіня, але рука Альгерда непрыкметна сьціснула яе так, што Марыя ледзь не закрычала.

— Твой брат злодзей, так, але ты… ты заўсёды верна служыў багам і мне. Я ведаю, што сьвяцілішча Лады заступіцца за цябе.

Маўчаньне запанавала пасьля гэтых слоў вялікага князя. Але доўжылася яно нядоўга.

— На Саракі ён абразіў маю багіню, ён адмовіўся ад абраду і зьбег. Куды? Цяпер я ведаю — у царкву. Не, я не заступлюся за яго, — цьвёрда сказала Нара, і ярка-сінія вочы яе заблішчэлі помстай.

— Тады жрэц Бурыла пацьвердзіць, што адна з самых верных прыхажанак ягонага сьвяцілішча — маці Кумца, — мерна казаў Альгерд.

— Маці — так, але ён пры ўсіх казаў свайму брату, што прыносіць ахвяры Перуну жорстка і неразумна. У мяне ёсьць сьведкі, — павольна-змрочна, ды вельмі выразна вымаўляючы склады, аспрэчыў князевы словы вярхоўны жрэц. — У цямніцу яго, гаспадар!

І, здалося, увесь двор разам ускрыкнуў:

— У цямніцу яго!

Але Альгерд не здаваўся. Ён нібыта хацеў удыхнуць у маладога лоўчага сваю сілу і ўпартасьць:

— Кажы: гэтага не было?

— Кажы! — уклаўшы ўсю сілу перакананьня ў свае словы, выгукнуў і Круглец. Трэба ратавацца зараз, бо праз імгненьне можа быць запозна. І ён яшчэ раз, перакрыўшы галас, што ўзьняўся пасьля ягонага крыку, паўтарыў:

— Гавары! Не было, не!

Круглец абвёў вачыма вялікі гурт людзей, што глядзелі на яго: хто са злосьцю і нянавісьцю, а хто і са спачуваньнем. Можа, варта ратавацца — прынамсі, хаця б паспрабаваць. Але тады… Чаго тады вартыя ягоныя словы, ягонае рашэньне прыняць хрост? Сумленны чалавек ня можа хлусіць, як многія з гэтых людзей, што вучаць людзей і кажуць ім прыгожыя словы, але самі ня вераць у іх.