Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 41

Ольга Михайловна Ипатова

Маўчаньне панавала ў Вільні, калі Яўнут у адным кажушку зьбег з замку, хаваючыся ад братоў. А скажы колькі слоў Бурыла, а за ім Мікша, Нара ды іншыя вярхоўныя жрацы — і натоўп, страшны сваёй непахіснасьцю і верай у волю багоў, адрэзаў бы ім дарогу да замку, і нічога не змаглі б зрабіць праслаўленыя Альгердавы і Кейстутавы воі.

Вось і цяпер, скончыўшы сьвяшчэнныя сьпевы, Бурыла выступае наперад, схіляецца перад князем:

— Табе добра зараз, вялікі гаспадар? Ці прыйшла да цябе СІЛА?

Некалі ён сатрэ гэтую ўсьмешку на жабіным твары, згасіць затоена-насьмешлівую іскрынку ў вузкіх зялёных вачах! Але зараз Альгерд адказвае спакойна і ветла, і румянак на яго шчаках ня блякне ад гневу, што закіпае ў самых патаемных закутках душы:

— Дзякую, вялікі жрэц. Тваё слова, як заўсёды, дайшло да багоў.

Ён устае, бярэ з рук новага падчашага, што замяніў Няжылу, срэбную брэцьяніцу, куды той налівае віна і мёду, і пырскае гэтай сумесьсю на дуб. Брэцьяніцу ж як падарунак перадае Бурылу. Зялёная іскрынка ўспыхвае ў вачах жраца: па баках чашы залатой вязьзю ўпаяныя два цёмна-барвовыя рубіны вялікага кошту.

— Прашу да майго стала, вялікі гаспадар — зноў схіляецца перад ім жрэц. І ласкава падтрымліваючы князя пад руку, вядзе з пагорку. Асьцярожна пытаецца:

— Ці не было ў цябе, калі сядзеў пад дубам, колікаў у баку?

Альгерд зьдзіўлена глядзіць на валасатае вуха вярхоўнага жраца.

— Былі, вялікі жрэц, але хутка прайшлі. Але адкуль ты ведаеш пра тое?

І загадкава ўсьміхаецца Бурыла:

— Я многае ведаю, вялікі гаспадар. Нават пра тое, што ты шкадуеш братоў-хрысьціянаў Кумца і Няжылу. Што рашэньне тваё няцьвёрдае. Але зараз, кажуць багі, цябе чакае больш важнае: на вагах быцьця і нябыту жыцьцё тваёй жонкі. Яна разбурыла капішча Рагуціса. І нехта павінен выкупіць тую віну. Дык няхай гэта будуць лепей два маладыя прыдворныя, чым вялікая княгіня.

Трывога мацней апаноўвае Альгерда. Як лоўка яны прыдумалі! На адным баку ў яго сэрцы Марыя, на другім — два маладыя прыдворныя. Ці ж будзе ён выбіраць?! Усё разьлічана правільна. Але вялікі князь спрабуе супраціўляцца:

— Мая жонка не старая. Магчыма, прыдворны лекар яшчэ паставіць яе на ногі.

Рука ў Бурылы нібы расплываецца пад локцем Альгерда:

— Хлеб паказаў, што лекар гэтую хваробу не адолее. І агонь у печы сказаў тое ж. Яна ўжо ступіла на дарогу да Ірыя. Але можна, можна яшчэ вярнуць яе адтуль! Калі ты вырвеш з сэрца шкадаваньне да хрысьціянаў. Калі мы ўбачым, што сэрца тваё цалкам аддадзенае старым багам!

— Гаданьне на хлебе? Вы пасьмелі без мяне гадаць на Марыю, кранаць яе?! — вялікі князь аднак асекся. Ня час, ня час сварыцца з Бурылам… І ўсё ж — няўжо такім быў вынік гаданьня? Здаўна кожны ведаў гэты старажытны звычай: хвораму клалі падмышкі па кавалку хлеба. Калі да раніцы хлеб засыхаў, гэта сьведчыла аб тым, што хворы мусіць разьвітвацца з жыцьцём. Але Марыя нічога не казала яму пра гэта! Можа, ёй паклалі хлеб, апаіўшы макам, альбо соннай, калі прытомнасьць пакінула яе?