Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 27

Ольга Михайловна Ипатова

Да Уны, дачкі пасла Леся.

Даўно зазіраўся ён на Уну — яшчэ з той памятнай хвіліны, калі пасол Лесь атрымліваў ад Гедзіміна залаты медальён за пасьпяховыя перамовы з Ватыканам. Было гэта ў вялікай дубовай зале, дзе сабралася ўся знаць Княства. Тады яркія, каляровыя, з зялёнымі вінаграднымі лістамі шпалеры на сьценах цьмянелі перад безьліччу парадных сукняў з атласу, парчы і адамашка, а сонца ўспыхвала ў зіхоткіх дыямантах прыдворных баярыняў. Былі там і вялікія жрацы ўсіх храмаў Вільні. Калі вяртаўся пасол ад трона, дзе вялікі князь сам начапіў на ягоную шыю зіхоткі кругляк са сваім родавым гербам Калумнамі, ён радасна і ўсьмешліва глянуў у кут, і, прасачыўшы за ягоным позіркам, пабачыў Бурыла дзяцей Леся Кругляца і Уну. Помніў іх круглатварымі, шэравокімі дзіцянятамі па тры-пяць гадкоў і цяпер бы нізавошта не пазнаў — так яны падрасьлі. Але калі Круглец яшчэ ня выцягнуўся ў юнака, то Уна ў свае трынаццаць-чатырнаццаць пераляцела праз тую нябачную, але адчувальную мяжу, што аддзяляе зялёнае, цыбатае дзеўчанё ад паненкі. І ён, абмацаўшы чэпкім, шматвопытным позіркам яе юную постаць у зялёнай ядвабнай сукні, з зіхоткім абручыкам на попельных валасах, адчуў не пажадлівае і ліпкае жаданьне, якое ня толькі задаволіць, але і выклікаць у сабе з гадамі рабілася яму ўсё цяжэй і цяжэй. Не — ён раптам успыхнуў, як смаляк, па жылах прабег жывы агонь. І дзіўна: увесь час, як жрэц непрыкметна назіраў за Унай, агонь ня толькі не згасаў, але і мацнеў, разгараўся. Даўняе пачуцьцё радасьці ахапіла яго душу, і ён радаваўся і грэўся ў гэтай радасьці, як трапяткі аўсянік у сонечным сьвятле.

Тады ж ён вырашыў завалодаць гэтым дзеўчанём. Але падступіцца да Уны было нялёгка — бацьку яе шанаваў і нават любіў Гедзімін, ёю апекаваўся сам жрэц Сварога Лойка. Бурыла змушаны быў чакаць. Чакаць і бесьперастанку сачыць за кожным крокам Леся і яго сям’і.

Пасьля сьмерці Гедзіміна ён паспрабаваў завабіць брата і сястру ў вернікі храма Перуна, але тыя не паддаліся, трымаліся абасоблена. Калі зьязджаў кудысьці па справах бацька, яны былі пад апекай маршалка, у доме вечна віравалі ахоўнікі і слугі. Усе яны хадзілі пераважна ў храм Сварога, бо любілі слухаць Лойку. Ішоў час, падрастаў Круглец, рабіўся мужным воем, якому падуладныя дзіда і меч, корд і нож. Калі памёр бацька, юнак быў залічаны ў княжацкую дружыну. І Бурыла зноў ня мог падступіцца да гэтай сям’і і ўсё чакаў зручнае хвіліны.

Зьяўленьне Нарынай сястры ўскалыхнула ў ім тое, што за цягам дзён некуды нібы адышло. І ён стаяў, а яго вузкі рот сьціскаўся ў такую пажадлівую злосную і рашучую лінію, што нават Гайна зірнула на яго з няясным пачуцьцём трывогі. Толькі Нара нібыта не заўважала стану свайго блізкага сябра, хаця яе шматвопытны позірк імгненна адзначыў бледнасьць, якая на кароткі час пакрыла лоб служкі Перуна.

— Сядай з намі, ня бойся, — вялікая жрыца ляніва паказала госьці на зялёны покрыў лавы.