Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 25

Ольга Михайловна Ипатова

— Ня варта гэтага рабіць, — знарок ляніва пацягнуўшыся, так што зазьвінелі сярэбраныя падвескі-колты ў вушах і бранзалеты з бомамі на доўгіх мускулістых нагах, прамовіла Нара.

— Яна ўсё роўна памрэ. Судзяніцы сказалі мне гэта ўчора ўначы.

— Ты гадала па зорках? — ускінуўся Бурыла.

— Не, па дыме з начнога кастрышча. А яшчэ па палёце арліцы, якую задзяўблі сьвяшчэнныя вараны.

— Памрэ… Але наколькі хутка? Тут дарагі кожны тыдзень! — усклікнуў Мікша.

— Памрэ! Тады… тады трэба хутка шукаць яму сапраўдную жонку. Не з Полцеску альбо Віцьбеску, не з Цьвяры ці Германіі. Усе яны там ужо хрышчаныя! — загарачыўся Лелюш.

— Нашу! Якая будзе ўсёй душой аддадзеная старым багам і перакрэсьліць у душы Альгерда ўсё, што заклала там гэтая… прышлая, — ускінуўся Нарбут.

— Але надзвычай важна, з якога яна роду. Ці наш гэта будзе род? Ці іншыя багі завалодаюць Альгердам, а мы будзем адсунутыя ад яго і ад самога княжага двара? — задумаўся Бурыла.

І яны сталі перабіраць усіх вятшых людзей Вільні і ўзгадваць пра іхніх дачок. У кожнай то адзін, то другі знаходзілі нейкія хібы, ажно пакуль Нара працяжна і як бы нехаця не прамовіла:

— Я ведаю, хто будзе найлепшай жонкай для Альгерда. На каго мы можам спадзявацца і хто дапаможа язычаству супрацьстаяць новым багам.

– І хто гэта? Якая-небудзь служка вялікай багіні? Дзеўка, якая аддавалася безьліч разоў усім зацным мужам Вільні? З-за якой нас падніме на сьмех усё Княства? — ускінуўся Бурыла.

Нара вытрымала паўзу, абводзячы ўсіх усьмешліва-няўлоўным позіркам, пад якім, аднак, праглядалася моцная воля і настойлівасьць.

— Няўжо вы, высакародныя мужы Вільні, можаце падумаць, што я лёгкадумна стаўлюся да такой важнай падзеі, як новая жонка князя? І што я не прадбачыла будучага, гледзячы, як друзьнее Марыя?

– І што, у цябе ёсьць нехта на прыкмеце? — нецярпліва ўсклікнуў Нарбут.

— Вядома, ёсьць. Гэта мая сястра Дзівейна.

— Сястра?! — разам усклікнулі ўсе, а грамчэй за ўсіх — Нарбут. Яны ўтаропіліся ў жанчыну, ня ведаючы, як успрымаць ейныя словы. А тая загадкава ўсьміхалася, вытрымліваючы паўзу.

— Так, у мяне ёсьць сястра. Праўда, толькі па бацьку, ведамаму вам усім высакароднаму Мікуле. Вырасла яна ў храме Ашвінаў на Нёмане і ніколі ня ведала мужчыны. У яе няма ворагаў… пакуль няма. За ёю, праўда, не стаіць нейчы магутны род, толькі галоўны храм і ўплывовыя вернікі іншых храмаў сьвятых братоў, але, думаю, што найперш станем апораю ёй мы. Ці ня праўда, тыя, хто сабраўся тут, нечага ўсё ж вартыя?

Прысутныя дружна захіталі галовамі.

— Але як нам зьвесьці іх? — задумаўся Лелюш.

— Яна ўзьнікне ў адпаведны час перад Альгердам, і багі падкажуць яму ўсё астатняе…

— Чаму ж мы нічога ня ведалі пра яе дасюль? І… і твой бацька да самае сьмерці ніколі ня згадваў яе! — падазрона ўпіўся ў вярхоўную жрыцу погляд Бурылы.