Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 26

Ольга Михайловна Ипатова

— Таму што ён сам даведаўся пра тое амаль што перад тым, як легчы ў дубовую калоду. Ці мала высакародных мужчынаў, што, як браты Ашвіны, магутнымі жарабцамі апладняюць кабыліц — прыгожых жанчын? Парода, што ад іх нараджаецца каля храма Ашвінаў, лепшая ў нашым краі, больш магутная, чым нават пры храме багіні Лады. Мне сказаў тое ўсяго пяць гадоў таму сам бацька, і я апекавалася гэтай дзяўчынкай, рыхтуючы яе для служэньня Ладзе. Яе маці, жрыца боскіх братоў, памерла рана, і я перадала ў храм нямала падарункаў, пакуль яны аддалі яе мне і зьнялі з яе апеку Ашвінаў.

— З Ашвінаў… Гэта добра, вельмі добра. Найстарэйшыя багі, яшчэ ад арыяў. Але ці валодае яна старажытнымі ведамі? — усхвалявана пытаўся Мікша.

— На якія забываюцца сёньня нават жрацы? — ушпіліў яго Нарбут.

– І — дзе яна? — Бурыла ўпіўся зялёнымі вачыма ў Нару, погляд яго пацьмянеў. Сінявокая, ружова-белая прыгажуня адказала яму нявінным позіркам.

— Калі хочаце, я пакажу яе вам.

— Зараз?!

— Канешне. Яна ўжо некалькі дзён гасьцюе ў маім храме, і мы шукаем для яе будынак, каб тут, у Вільні, для будучай жрыцы Лады, а, магчыма, і вялікай княгіні, быў свой дом…

Яна лёгенька стукнула доўгім пальцам у вялікі пругкі бубен, што вісеў каля яе на сьцяне. Праз колькі доўгіх імгненьняў — такіх нясьцерпных, нібы ўсім прысутным разам казыталі пяткі, дзьверы расчыніліся.

Гнуткая і зграбная, як маладая аленіха, з доўгімі попельнымі валасамі, на якіх зіхацеў сярэбраны абруч са скроневымі колтамі-кругамі, з яснымі шэрымі вачамі і ледзь прыкметнымі ямачкамі на пругкіх і круглых, як рэпка, шчочках дзяўчына стала перад прысутнымі. Колты з тонкага срэбнага дроціку, закручанага ў прыхаматлівыя ўзоры, аздобленыя эмальлю, надавалі жывы бляск яе ружовай, амаль празрыстай скуры. На серабрыстай сукні і на лёгкіх скураных поршнях зьзялі аднолькавыя, золатам вышытыя выявы коней. Жрацы ведалі: гэта знак таго, што Ашвіны — дзеці кабыліцы, якая выганяе са сховішчаў Ноч і Дзень.

— Мая сястра Дзівейна, — з асалодай назіраючы за разгубленасьцю мужчын, прамурлыкала Нара.

«Цнатліўка», — адразу вызначыў надта вопытны ў гэтых справах Нарбут, «плоць у ёй яшчэ не прачнулася, ад таго такая моц і яснасьць, як у дзіцяці».

Ён неўпрыкмет зірнуў на Нару. «Яны трохі падобныя. Але ў пляменьніцы, якая зьведала мноства мужчынаў, сіла іншая. Сіла веданьня, а не чысьціні. Яна ўмее абудзіць у любым, нават у самым стрыманым мужчыне, таго зьвера, таго асьпіда, які знаходзіцца ўнутры кожнага, і якога мы так і ня можам да канца ўтаймаваць. Але і ў гэтай ёсьць свая перавага — у яе ўсё наперадзе. На шчасьце, я ня родзіч ёй, бо Нара пляменьніца мне па маці».

Бурыла маўчаў. Дзяўчына яго ашаламіла. І не сваёй прынадлівай, гарачай і неадольна — чараўнічай вабнасьцю. За свае гады ён пабачыў шмат прыгажунь. Заняты больш важнымі, чым уцехі з жанчынамі, рэчамі, ён браў кожную, якая хаця на імгненьне абуджала ў ім жаданьне, і тут жа забываўся на яе. І так доўжылася гадамі, пакуль да яго, немаладога ўжо мужчыны, прыйшло тое, што ён сам спачатку не разумеў — жаданьне мець адзіную, атрымаць ад яе дзіця. І такая знайшлася. Гэтая сьвежая, як ранішні гурочак на гародзе, бяляначка была надта падобная да той, якая трывожыла яго думкі, сама ня ведаючы аб тым.