Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 28

Ольга Михайловна Ипатова

— Дзякуй, сястра. Але зараз час маленьня Ашвінам. Я не хацела б прапусьціць яго. Шкада, што ў цябе госьці — мы маглі б памаліцца разам.

— Я думаю, што мая дарога ў Ірый ужо тройчы ўсьцеленая малітвамі, — усьміхнулася Нара. Але Дзівейна не зразумела ці не захацела разумець іронію. Яна глядзела сур’ёзна і строга.

— Зараз я пазнаёмлю цябе з маімі сябрамі. Яны стануць і тваімі, дзіця, бо без сяброў ты ня знойдзеш у жыцьці правільнай сьцяжыны…

Жрыца па чарзе назвала ўсіх прысутных. Дзівейна глядзела на кожнага ўважлівым позіркам, нібы імгненна ацэньвала ўсе ягоныя вартасьці, пачціва схіляла галоўку кожны раз, калі называлася чыёсьці імя. Прысела за лаву, узяла прапанаваную Нарбутам падушку і паклала за сьпіну.

Тым часам слугі падалі прысутным залатыя краціры з віном. Дзівейна асьцярожна пасмакавала густы чырвоны напой, пасьля стала піць яго маленькімі глыткамі, час ад часу праводзячы маленькім чырвоным язычком па краёчку кубка. Нарбут адчуў, як сьцёгны яго нібы кусаюць мурашкі, і хутчэй адвёў погляд ад пульхных вуснаў цнатліўкі.

– І чаму яна навучылася ў Ашвінаў? Што яна можа? — запытаўся Бурыла, як быццам дзяўчыны ў пакоі зусім не было.

— Можа лекаваць многія хваробы і разьбіраецца ў зёлках. А яшчэ… — зноў загадкава ўсьміхнулася вялікая жрыца. — Яна валодае Гукам.

Жрацы — Бурыла і Мікша — пераглянуліся.

Валоданьне Гукам давалася нямногім, для гэтага трэба былі здольнасьці, якія даюць багі толькі абраным, а менавіта: адчуваць сьвет як адзін агульны вялізны гук, дзе выказвае сябе ня толькі чалавек, але і кожная расьліна, нават камень ці простая пясчынка. Адрозьніваць кожны такі голас — валодаць вялізнай сілай, бо вышэйшыя жрацы ведалі і тое, што гук сам можа зьмяняць форму і абрысы існага.

— А… можа яна паказаць гэта? — запытаўся Мікша. — І… на якім яна ўзроўні?

— На простым, — коратка растлумачыла Нара. — На тым, дзе ня бураць цьвержы, а даюць асалоду і забыцьцё.

– І яна можа даць… гэтае? Ну, асалоду? — ажывіўся Нарбут.

— Можа.

Нара зірнула на сястру, тая ледзь улоўна ўсьміхнулася, так што паглыбіліся ямачкі на круглых шчоках. Пасьля, ня зводзячы вачэй з магутнага каржакаватага, падобнага да мядзьведзя мужчыны, выцягнула вусны, акругліўшы іх у выглядзе гарлачыка.

Ціхі, але такі нізкі, быццам нёсься з глыбокага падзямельля, гук прымусіў усіх уздрыгнуць. Дзівейна пачала і вяла яго бесьперастанку, як быццам залівала ў кожнага з прысутных гляк густога залацістага мёду. І гэты салодкі, вязкі, напоўнены водарам чабору мёд паступова запаўняў цела, цьмяніў галаву і расслабляў волю. Дзяўчына ўзмацніла голас — і Нарбут адкінуўся ў крэсьле, твар яго скрывіла грымаса, адначасна радасная і пакутлівая, а Гайна затрэслася, як у ліхаманцы. Жрацы не паддаліся насланьню, але і ў іх пачырванелі твары, і кроў хутчэй пабегла па жылах.

— Хопіць! — Нара махнула рукой, і гук замоўк.

Нарбут расплюшчыў вочы.

— Што гэта было? Падлога пада мною зыбалася, як кладка!

— А ў мяне ледзь не адваліліся грудзі, іх як быццам лашчыў дзясятак Лелюшаў! — паскардзілася Гайна.