Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 29

Ольга Михайловна Ипатова

— А я… — Лелюш махнуў рукой. — Ат, і казаць ня буду!

— Ну што, даволі? — Нара шматзначна зірнула на прысутных, усьміхнулася Дзівейне. Тая таксама ўсьміхнулася — яснай, нявіннай усьмешкай, і стала надта падобнай да вярхоўнай жрыцы нейкай уладна-халаднаватай цьвёрдасьцю, што прамільгнула ў ёй і гэтак жа раптоўна зьнікла.

Потым, пакланіўшыся, адступіла назад і імгненна зьнікла за дзьвярыма.

Стукнулі дзьверы, з калідора дыхнула пахам чабаровага мёду. Прысутныя моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Нарбут апамятаўся першым.

— Ці не занадта… — ён пакруціў рукой у паветры. — Ці не занадта незвычайная яна для вялікай княгіні? Ды ад яе ўсё жывое трапеча!

– І маладая?

– І прыгожая? — раздаліся галасы.

– І ці можна будзе ёю… кіраваць? — выказаў самае галоўнае сумненьне Бурыла. — Яна, здаецца, да таго ж і бяз меры набожная?

Але Нара толькі засьмяялася.

— З самых зацятых цнатлівак, — сказала яна спакойна, — выходзяць самыя вялікія распусьніцы. Можаце мне паверыць. Хто-хто, а ўжо я ведаю гэта лепей за вас усіх. Але для таго, каб Дзівейна ўрэшце трапіла ў вялікакняскі палац, нам трэба мець там як болей сваіх людзей. Гэтая твая справа, крэўны, — кіўнула яна Нарбуту.

— Ня ўсё я магу. Вось, вазьмі, напрыклад, падчашага Няжылу, забі яго Стрыга! Гэта ня наш чалавек, а толькі Альгердаў. Ягоная нявеста прыслужвае вялікай княгіні. Брат — памочнік лоўчага, яго гаспадар цэніць больш за самога лоўчага. І іхнія сябры маюць там вялікі ўплыў. У гэтай чарадзе і Круглец, сын пасла Леся. І ўсіх іх трымае і любіць вялікі князь — ці сама гаспадарыня.

— Круглец сябруе з сынамі Драмака? — адразу ж азваўся Бурыла.

— Так. І Круглец, я чуў, хацеў бы выдаць за аднаго з братоў сваю сястру! — рады, што можа ўкласьці ў агульную гаворку і нешта сваё, азваўся Мікша.

— Гэта каторую?

— Здаецца… здаецца, яе клічуць Унай.

— Во як… — працадзіў вялікі жрэц. Яго вочы яшчэ болей звузіліся. — За каторага ж з братоў, цікава ведаць?

— За Кумца. Але той, пасьля таго як ахрысьціўся, можа, і не захоча ўзяць язычніцу! — з гатоўнасьцю дакладаў Мікша.

— Гэта цэлае ахрап’е, забі іх Стрыга! Гняздо павучынае! Разьмесьці яго хутчэй! — з гарачнасьцю стукнуў па стале Нарбут.

— Пачакай! — асьцерагла Нара. — Адразу толькі жабы скачуць. Трэба перачакаць, нагледзець за гэтымі хлопцамі, ну хаця б спачатку за Кругляцом, нейкую правіну ці грэх, каб валадар неўзьлюбіў яго. Тады і за яго, і за сястру, і за ейнага мужа (яна азірнулася на Бурылу) заступацца ён не стане.

Яна пільна паглядзела Мікшы ў вочы.

— Што пра яго кажуць віжы? Ці ты сам віжаваў?

— Не віжаваў, а назіраў, — пакрыўдзіўся той.

— Добра! — нецярпліва абарвала жрыца. — Што ты выгледзеў?

— Ды пакуль нічога такога не заўважыў. Гэты малойчык надта цікавіцца скрыптамі, таму часта бывае ў замкавым скрыпторыі. Пасьля гуляе са сваімі хартамі. Прымаюць гасьцей — найчасьцей Няжылу і Кумца. Сястра таксама ў яго адукаваная, ведае многія мовы, дзеці шмат езьдзілі з бацькам то ў Рым, то ў Візантыю. Цяпер яна вышывае модныя шпалеры…

— Да Стрыгі тыя шпалеры! — ня вытрымаў Нарбут. — Кажы нешта істотнае!