Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 24

Ольга Михайловна Ипатова

Але сёньняшняя размова, хаця і ішла яна пра лёс Княства і вялікую палітыку, вялася ў храме Лады, у асабістых пакоях вялікай жрыцы, што дазваляла жанчыне паўляжаць у высокім крэсьле, сярод аксамітавых падушак. Звычайна ж у такіх выпадках даводзілася сядзець у сьвяцілішчы вешчуноў, выпрастаўшыся, высока ўзьняўшы галаву, сярод сьсівелых нямоглых старцаў. Замест утульнай хатняй адзежыны яна мусіла быць у доўгай белай сукні і сярэбраным вянку, з калінавым кіем у руцэ і ў жрэчаскім каўпаку, чаго жрыца моцна не любіла: каўпак той выразна старыў ейны твар.

У пакоі, дзе задушліва пахла сушанай мятай, і дзе лавы былі абцягнутыя зялёным сукном, а курыльніцы ледзь улоўна дыміліся пахкасьцямі, месьціліся, таксама зручна ўладкаваўшыся на лавах і абклаўшыся падушкамі, тыя, хто дапамагаў Нары ў яе нялёгкім жыцьці вялікай жрыцы: ейны дзядзька, кашталян Нарбут, вярхоўны служка Лады Лелюш і ягоная каханка Гайна — пакаёўка старэйшай князёўны, жрэц Мікша. Наводдаль, на такім жа высокім, як у Нары, крэсьле сядзеў галоўны жрэц Перуна Бурыла. Яго твар, плоскі і расьцягнуты, як у жабы-рапухі, быў сур’ёзны, вузкаватыя зялёныя вочы глядзелі ўладна і пагрозьліва. Ён зьвяртаўся да прысутных, нібыта папракаючы іх кожным сваім словам:

— Нашы сьвяцільні пачынаюць чадзець, а нашы старажытныя багі дзень за днём губляюць тое, што ім належыць ад веку — чалавечыя душы. Хрысьціянскі бог, бог мёртвых і нямоглых, авалодвае імі. Распаленымі сякерамі трэба адсякаць адступнікаў, каб гніль не пайшла далей!

— Чаму ж вы ўсе не адстоялі Рагуціса? — з горыччу прашаптаў як бы пра сябе Мікша. Але Бурыла не прамінуў і гэтага ціхага шэпту:

— Таму што ты тады не насьмеліўся на тое, чаго я патрабаваў у цябе перад галоўнымі жрацамі, і на што тады не рашыліся і яны!

— Атруціць вялікую княгіню?

— Цішэй вы! — выпрасталася ў крэсьле Нара. — Цяпер не даверышся і самым адданым служкам!

— Не атруціць, а адправіць яе ў Ірый! — амаль шэптам, але гэтак жа горача пранізаў Мікшу зялёнымі разьятранымі вачыма галоўны жрэц. — І тады ўсё зьмянілася б адразу. Тады заглухла б будаўніцтва царквы. І мы аднавілі б храм яшчэ больш велічным і прыгожым, чым ён быў раней.

— Але галоўныя жрацы адмовіліся…

— Хто менавіта? Гэты агаломшаны прывідамі Лойка, які даўно жыве ня ў гэтым сьвеце? Служка жамойцкага Лелевеля, які дрыжыць за сваё месца, як палахлівы заяц? Гэтыя браты — кастраты, што спавядаюць Ашвінаў?

— Не далі згоду і вешчыя старцы…

— А нашто ў іх пытацца? Ня ўсё і яны могуць спасьцігнуць. Мы таксама нешта цямім. Морак накрые ўсё, што мы захочам, калі… калі мы возьмемся за гэта разам. С і л а ёсьць у яе, — ён кіўнуў на Нару, — ёсьць яна і ў цябе, Мікша. Я ўгавару яшчэ некалькіх. Мы правядзём патаемны абрад. І тады… тады ні вешчыя старцы, ні Лойка не здагадаюцца, чаму віцьбеская паляндра ўзьнялася да продкаў раней, чым яны яе паклікалі…