Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 23

Ольга Михайловна Ипатова

— Ня бойцеся. Вялікая княгіня абароніць нас усіх, — сказаў упэўнена. — За ёю Віцьбеская і Полацкая зямля, а там усе баяры хрышчаныя, усюды ў гарадах цэрквы, нават для купцоў ёсьць свае, купецкія. Сам бачыў у Віцьбеску, калі яшчэ з бацькам туды езьдзілі. А гэта — вам у падарунак ад мяне.

І ён таксама ўстаў, падышоў да бажніцы і, дастаўшы вялікі, ростам з Перуна, драўляны крыж з сярэбранымі насечкамі, паставіў яго паперадзе Перуна так, што зусім захіліў бога-грамавіка, які раптам здаўся ня грозным, а як бы нават разгубленым, ягоныя чорныя агатавыя вочы нібыта згасьлі, падпарадкоўваючыся непазьбежнаму. Толькі Вялес побач з ім глядзеў непрымірыма і насьмешліва, нібыта ведаў нешта такое, што дасьць яму магчымасьць паставіць на сваім, чаго б гэта ні каштавала….

— Як добра, што мы ўсе пойдзем у царкву! — сьпяшалася Рэчыца. — У царкве адразу сьветла робіцца на душы. Там пяюць так ціха і хораша…

— Замоўч! — цыкнуў на яе бацька. — Мы, ёрш цябе забяры, самі вырашым.

І сказаў цьвёрда:

– Ідзем у царкву. Можа, вялікая княгіня нас заўважыць ды нешта зробіць для цябе, зяцёк… Хаця ты ў нас і так высака ўзьляцеў.

І ён ласкава пагладзіў Няжылу па плячу, з задавальненьнем адчуўшы цьвёрдыя мускулы і ўсю надзейную сілу маладога прыдворнага. Яму на імгненьне памроіліся сьветлыя, як у яго, і цёмнарусыя, як у жонкі, валасы будучых унукаў. Жыцьцё наперадзе было ясным і такім жа надзейным, як гэтае цьвёрдае маладое мужчынскае плячо пад рукой. Адно на імгненьне азмрочыла добры настрой Баравіка: раптоўна з грукатам бяз дай прычыны ўпаў з бажніцы драўляны Род. Яго паднялі, і, пацалаваўшы, паставілі зноў на ільсьняную ад ільнянога ахвярнага масла дошчачку — хай беражэ ён і там, у бязьмежным Ірыі, дзядоў-прадзедаў, расказвае ім аб тых, хто жыве пакуль што на зямлі. І не скупіцца на клопат аб будучых пакаленьнях непераводнага крывіцкага роду, часьцінка якога — ягоная дзяўчына — ласкава глядзіць на чужога ім па крыві, але ўжо бязьмерна блізкага і любага ёй хлопца, чыя кроў-руда заструменіцца ў жылах ягоных, Баравіка, унуках.

Яны сьмяяліся і гаманілі, а Род змрочна глядзеў на іх раўнадушна-далёкімі вачыма, зазіраючы ў невядомую пакуль для іх сьцяжынку жыцьця, дзе атожылак роду Баравіка не буяў на галіне радаводнага дрэва, а ляжаў, перарублены і пакрышаны сілай, якая непадуладная людзям і якая завецца ў іх Лёсам….

ІНТРЫГА ЖРАЦОЎ

Вялікая жрыца Нара хуталася ў шэрую пушыстую хусту, ляніва варушыла пальцамі ног у мяккіх, мехам унутр, цёплых боціках. На ейных каленьках, абцягнутых доўгай ваўнянай спадніцай, ляжала белая вязаная падушачка, пасярэдзіне якой чырванела выява Лады. Размова доўжылася трэцюю гадзіну, і хаця печ напалілі з самай раніцы, ад вакна, зацягненага сьлюдой, дзьмула, і жанчына час ад часу закідвала назад галаву з пышнымі бялявымі валасамі, каб ня ныла шыя, а яе сінія вочы прымружваліся, як у вялікай, сытай кошкі, якая схавала пад пульхнымі падушачкамі лапак гострыя кіпцюры.

Толькі нядаўна стала яна адчуваць, што цела, здавалася б, яшчэ па-юначы маладое і пругкае, усё ж пачынае няўлоўна стамляцца як пасьля шалёных оргіяў у гонар багіні каханьня Лады, так і падчас сур’ёзных бяседаў, калі яна разам з іншымі вялікімі жрацамі Вільні вызначала агульную палітыку язычаства і ягоныя патрабаваньні да вялікага князя. У глыбіні сьвятога дубовага гаю, адрокшыся ад сьвету і яго спакусаў, сем вешчых старцаў вызначалі тую палітыку для вялікіх жрацоў, а ўжо тыя несьлі яе далей, да людства і ўлады.