Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 22

Ольга Михайловна Ипатова

Гаворка пра будучае вясельле ішла доўгая, зацікаўленая. І, пасылаючы ў рот апошні кавалачак мядзьвежага языка, прамовіў Кумец як бы між іншым:

— Праз тыдзень я прымаю хрышчэньне. У царкве будзе сама вялікая княгіня. Шкада, што Няжыла ня хрышчаны. Мабыць, давядзецца вам бяз нашых вялікіх гаспадароў ладзіць вясельле… Да нехрысьцяў вялікая княгіня наўрад ці пойдзе. А вялікі князь без яе да вас не зьбярэцца. Усё ж ня зацныя вы людзі, не баяры…

Баравік падскочыў, пераглянуўся з жонкай.

— А… а ці пусьцяць у царкву, ёрш вас забяры, язычнікаў?

— А чаму ж не? Кожны, хто хоча, можа зайсьці.

— Ну дык мы… мы можам… таксама…

Жонка глядзела на яго з жахам. Няжыла ўпарта маўчаў. Але тут у бяседу ўплішчылася Рэчыца:

— Я часта бываю ў храме, і ніхто мне слова не сказаў. І духоўнік гаспадарыні Нестар такі ціхі і прыветны. Зусім ня тое, што вялікі жрэц Бурыла. Той, калі і з вялікім гаспадаром гаворыць, супіць бровы і ўсё з нейкай пагрозай, пагрозай… Гаспадарыня яго ненавідзіць, а ўжо ён яе… о! Цяпер пры двары нядобра быць язычнікам. Я заўважыла: як схаджу з вамі, тата і матулечка, да Вялеса — адразу галава балець пачынае, і слабасьць ахутвае. А ў царкве мне добра…

– І ты туды ж! — у Няжылы ссунуліся бровы. Ён адпіхнуў ад сябе тарэлу, устаў і з падзякай пакланіўся гаспадарам, а тыя, таксама падняўшыся, адказалі гэтак жа. Хлопец падышоў да бажніцы, і магутная рука яго дастала драўлянага Перуна. Вочы боства, зробленыя з чорнага агата, змрочна бліскалі на прысутных. Няжыла пацалаваў яго зашмальцаваныя калені, паставіў на месца.

— Гаспадара неба ты, дзяўчына, ужо не баішся?! І вы, мае будучыя бацькі, таксама?

— Баюся, ёрш вас забяры ўсіх! — ссунуў жыдзенькія русявыя бровы Баравік. — І тут страшна, і не патрапіць новаму богу таксама страшна. Бо вялікія гаспадары ўжо ідуць да іншага бога, яго прызнаюць! А што ж нам, нікчэмным зямлянам, рабіць? Ісьці ўсьлед за ўладай. Яна для нас, хлопчыкі, самая галоўная. Калі яшчэ той Пярун да тваёй душы дабярэцца, а вялікі князь… вялікі князь і цівуны ўжо тутака… Так, жонка?

— Як скажаш, гаспадар, — Зайка пакорліва схіліла галаву, у вачах яе на імгненьне мільганула любасьць да свайго сьсівелага мужа, але адначасна і жаночая мудрасьць гаспадыні, якая не паказвае, хто сапраўдны ўладар у хаце.

— Ну вось маё слова: мы пойдзем на хрышчэньне! — рашуча сказаў Баравік. Тады і Няжыла сумеўся, раздумліва гледзячы на бажніцу.

— Тады пайду і я, — вымавіў нарэшце.

Кумец хітра паглядзеў на брата, засьмяяўся радасна.