Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 18

Ольга Михайловна Ипатова

Тады пачаўся Вялікі Танец. Жанчына выгіналася, круціла клубамі, і зьмеі пакорліва, як зачараваныя, паўтаралі ейныя рухі. Жалейка паскарала рытм, у яе голас упляліся дуда і барабан, гукі нібы загусьцелі, апускаючыся ніжэй і ніжэй…

Кумец адчуў, што ягоныя клубы стала паступова, але няўхільна зводзіць салодкай сутаргай. У сутарзе былі свае перапады: яна то азывалася, то нібыта зьнікала. Ён неўпрыкмет глянуў навокал — ужо ўсе, і мужчыны, і нешматлікія жанчыны, былі ва ўладзе рытму. Адкрытую, нястрымную юрлівасьць, жаданьне чужой плоці і лютасьць выпраменьвалі іхнія вочы. Нават немаладыя сямейнікі не маглі стрымацца — рукі іх сутаргава шукалі нечага, твары непазнавальна пакрывіліся…

І тады ў залу ўвайшлі, як пратачыліся скрозь сьцены, жанчыны. Не, гэта ўсё былі маладыя дзяўчаты — у вянках з танюткімі срэбнымі і меднымі лісточкамі, у тых жа празрыстых покрывах, якія не хавалі ані грудзей, ані чорных, русых альбо бялявых валасяных трохкутнікаў паміж роўненькіх, нясьцерпна-заваблівых ног…

Першым ня вытрымаў, кінуўся да высокай бялявай жрыцы баярын Хведар. Яна імгненна, нібы чакала таго, прытулілася да яго ўсім целам, а пасьля сьлізганула ўбок, да дзьвярэй, і яны абое, ледзь ня выбіўшы дзьверы, вываліліся з залы. Тады і астатнія сталі хапаць дзяўчат, мацаць іх гарачымі, дрыготкімі рукамі, тузаць за грудзі і цягнуць з залы.

Чашнік Ярамір схапіў чарнявую, з раскосымі, хітрымі вачыма дзеўку і павалок яе за сабою на шаўковую тканіну, адной рукой учапіўшыся ў тонкі стан, а другой разьвязваючы порткі. За ім пасьпяшалася другая, трэцяя пара… І тады ў зале ўсчалося тое, дзеля чаго і прыходзілі сюды зацныя мужы Вільні — храбусьценьне чалавечых костак, віскат жанчын, утробныя рыкі разьятраных, распатланых істотаў, што яшчэ раніцай важна сядзелі на радзе, прымалі дзяржаўныя рашэньні, судзілі іншых… Зараз яны спляталіся ў скурчаныя, шматрукія і шматногія клубы, рагаталі і тузаліся. Аднекуль, нібы падкінутыя зьверху, там і тут зьявіліся мяккія атласныя падушкі, іх хапалі, як падарункі.

Рэзка абарвалася мелодыя. Некуды зьніклі зьмеі. Жанчына на памосьце працягнула рукі да Кумца, і ён міжволі зрабіў крок наперад.

Ён ня першы раз бываў у храме багіні Каханьня. Пажадлівасьць, якая магутнай хваляй абдала яго і напачатку затуманіла голаў, таксама была паспытанай не аднойчы. Ды і хто з прысутных ня даў бы ўцягнуць сябе ў ашаламляльны вір уцех, якія напоўніцу можна было адчуць толькі тут, са жрыцамі Лялі-Лады?