Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 20

Ольга Михайловна Ипатова

— Гай выражу, а жытло пабудую такое, каб уся Вільня дзівілася! — са смакам чэрпаючы драўлянай лыжкай гарох, хваліўся Няжыла. — Найму майстроў, можа, іншаземных, каб кожную дошку абгаблявалі як во ейную далоньку! А ў яе далонькі — што табе ў вялікіх князёўнаў — мя-я-а-к-кія!

Рэчыца млела ад шчасьця. Няжыла пазіраў на яе з задавальненьнем. Яе, вядома, не параўнаць з князёўнамі, далонькі ў іх сапраўды як аксамітавыя, бо, ведама, нічога ня робяць. Але ж і яна ня зломак які. Навышывала ручнікоў як ніводная нявеста на іхняй вуліцы. Каго толькі яна там не зьмясьціла — і Рода з парадзіхамі, і Мокаш, і Перуна, і Вялеса. Вышывала — шаптала замовы, прынаджвала шчасьце.

— Дык і наш дом ня цесны, — басіў Баравік. Тоўсты і нізенькі, ён, аднак, быў адважным як тур. Калі аднойчы на ягоны купецкі абоз напалі крыжакі, ён здолеў, паваліўшы вакол вазкоў колькі ялінаў, арганізаваць са сваімі малайцамі сапраўдную абарону, і, паклаўшы колькі вояў, крыжакі паскакалі далей, пакінуўшы ўпартых віленчукоў.

Дом Баравіка быў сапраўды вялікі і прыгожы, складзены з цэглы, якую рабілі пры княжацкім двары. Мураванка выйшла на два паверхі, з лажніцамі для гаспадароў і дачкі наверсе. Унізе, пад сьвятліцай, гандлёвай каморай і кухняй, месьціліся склады, дзе ўсё было закладзена таварамі. Сьвятліца ж, дзе зараз прымалі дарагога жаніха, была гонарам гаспадароў: сьцены яе тынкаваныя, на іх вапай нанесеныя квяцістыя ўзоры, а ў вокнах замест звычайных бычыных пухіроў празрыста зыркала ў водблісках агню нядаўна прывезенае і яшчэ нязвыклае для гораду шкло. У чырвоным куце на бажніцы перад Родам, Перуном і Мокашшу гарэла газьніца з чыстым ільняным алеем, палымнеў запаветнымі ўзорамі багата вышыты ручнік. Печ у Баравіка была, па новай замкавай модзе, кафляная, зеленаватая кафля з узорамі паблісквала пры сьвятле лучын, устаўленых у медныя зажымы. Бабін кут, дзе на вясельлі сядзе нявеста, аддзяляў ад печы кавалак абшытага сярэбранай аблямоўкай ільнянога палатна, пячны слуп, ці, як яго называлі віленчукі, конь, быў чыста пабелены. Усё тут сьведчыла аб багацьці і ўдачы гаспадароў.

Гэты багаты віленскі купец ганарыўся тым, што ягоны будучы зяць чалядзінец самога вялікага князя, што ягоная дачка пакаёўка княгіні Марыі. Ужо адсьвяткавалі заручыны, а цяпер Баравік рыхтаваўся да вясельля, што адбудзецца пасьля Купальля: падлічваў у сваіх еўнях і кладоўках гарнцы жыта, бочкі піва і хмельнага мёду, а яшчэ рыхтаваўся да закупу мядзьведзіны, ласяціны і птаства — дробнага і буйнага. Баравік зьбіраўся запрасіць на вясельле вялікакняжацкую пару, і яму здавалася, што, калі Альгерд і Марыя прыедуць у ягоны дом, ён памрэ ад шчасьця.

Усе яны: і гаспадары, і Рэчыца, і найперш сам Няжыла не маглі дачакацца Купальля. Менавіта там, пасьля вогнішча, калі скокі праз зыркія языкі полымя ачысьцяць маладых і запаляць іх першародным юрам, надыдзе для Рэчыцы і Няжылы вялікае выпрабаваньне. У спаборніцтве — хто спрытнейшы, у шалёнай пагоні, калі зловіць ён дзяўчыну за косы і кіне на мяккі мох, спазнаюць яны адзін аднаго. Хаця і тады яшчэ не даведаюцца, ці прыдатныя для самай галоўнай мэты, з якою сыходзяцца маладыя: ён — апладніць яе, а яна — нарадзіць здаровых нашчадкаў, перадаць ім сьвяшчэнны агонь быцьця, але пачатак будзе пакладзены. Без яго вясельле ладзіць нельга. Ведама, што ў тых, каго сілком зводзяць бацькі дзеля багацьця ці розных хцівых мэтаў, дзеці родзяцца слабымі, болей хварэюць, а значыць, меней у іх сілаў і магчымасьцяў захоўваць магутны корань жыцьця. Патрабуюць багі, а найперш ён, цудадзейны ачышчальнік Купала, каб не пераводзіўся ў людзях агонь жаданьня, без якога заледзянее сьвет.