Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 16

Ольга Михайловна Ипатова

Удзень тут тупацеў, усхвалявана-пажадліва дыхаў і скакаў у карагодах велізарны натоўп віленчукоў, сьвяткуючы Саракі. Карычнявата-шэрыя шматы ад Сьнегавіка, якога тапталі з прыгаворамі і замовамі, а таксама груды аскабалкаў ад старых глякаў, збаноў і брэцьяніц, з якімі прадвесьнікі Вясны ішлі да багіні, доўга, да самага вечара, прыбіралі храмавыя служкі.

Кожны мог бы падумаць, што сьвята скончылася: бяззорная, туманова-сьнежная, як кучма, ноч панавала над Вяльлёй, над ракой, што нячутна шумела ўнізе. Але ў сярэдзіне храмавай агароджы стаялі багатыя вазкі, з недалёкай канюшні чулася іржаньне коней, а з дзьвярэй, якія вялі ў лёхі і якія раз-пораз адчыняліся перад гасьцямі, вырывалася такое зыркае, гарачае і яркае сьвятло, што кожны, хто назіраў бы зараз за храмам, даўмеўся б: сьвяткаваньне толькі пачынаецца.

Сьвята віравала, захопліваючы ўсё больш і больш мужчынаў і дзяўчат, якія сабраліся ў падземнай зале. Тут, нягледзячы на ледзяныя гурбы вакол храма і сьцюдзёны вецер, што гудзеў у шчылінах агароджы наверсе, цёпла, амаль горача. Нягледзячы на тое, што вясна яшчэ не пачалася, шмат жывых кветак у цёмна-брунатных лазовых кошыках, прымацаваных на гладка абструганыя сьцены з тоўстага брусу, аздаблялі залу. Там жа віселі скураныя шчыты з сярэбранымі насечкамі (іх прыносілі Ладзе ашчасьліўленыя каханьнем воіны). Аздаблялі памяшканьне бронзавы і медны посуд на вялікіх ланцугах, курыльніцы з празрыстага сьветлага каменю, якія струменілі востра-казытлівыя колцы пахкага дыму, вянкі, выкаваныя з рэдкім майстэрствам ды многае іншае, што прымушала прысутных з захапленьнем углядацца ў рэчы, падораныя самаму, бадай што, улюбёнаму храму віленчукоў. І гэта нягледзячы на тое, што большасьць з прысутных былі пастаяннымі ўдзельнікамі абрадаў.

Кумец таксама быў тут. Як заўсёды, вясёлы, жыцьцярадасны, сёньня ён, аднак, адчуваў пэўную разгубленасьць. Вялікая жрыца Нара раніцай адмыслова паслала да яго служку, якая перадала яму чорную, з пярлінамі, скрыначку.

Кожны юнак у Вільні марыў атрымаць гэты знак увагі. Пахкасьці, што месьціліся там у залачоных шкляных сасудах, былі прывезеныя з усходніх храмаў, і купіць іх нельга было ні за якія шэлегі. Уцёртыя ў скуру, яны рабілі мужчыну няўрымсьлівым у каханьні, нястомным і моцным, як разьюшаны тур. І тады ён мог дастойна прымаць чароўныя ласкі вялікай жрыцы, выносьлівай і вынаходлівай у каханьні, як ніводная жанчына ў Вільні. Кожны год яна прысылала чорную скрыначку з пярлінамі мужчыне, якога лічыла вартым сябе. І тыя, хто праводзіў з ёю ноч на Саракі, маўчалі так красамоўна, што іншым заставалася толькі ўяўляць, якою былі ночы з тою, якую любіла сама Вясна.

Але Кумец ня стаў націрацца ніводным з чараўнічых алеяў. Уна, сястра далёкага родзіча Кругляца, стала перад вачыма, калі ён працягнуў руку да скрыначкі. І невядома было, чаму паўстала ў ягонай памяці і сэрцы менавіта гэтая худзенькая дзяўчынка з вялікай тоўстай касой, з трохі сумнымі, нібыта ў параненай аленіхі, поглядам. Але насланьнё было такім моцным, што яму здалося — яна сапраўды прыйшла і бачыць ўсе тыя бессаромныя карціны, якія звабліва было закалыхаліся перад ім…