Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 17

Ольга Михайловна Ипатова

І цяпер, стоячы ў патаемным сьвяцілішчы, даступным толькі для абраных, ён адчуваў, што яму, мабыць, ня варта было наагул прыходзіць сюды.

Пасярэдзіне зале грувасьціўся памост, пакрыты белым шоўкам, — тонкая, амаль празрыстая тканіна каштавала столькі, што на яе можна было купіць ня меней як трыццаць рабоў. Над узвышшам, не абапіраючыся ні на якія падпоры, нібыта ў паветры, вісела драўляная, цёмная ад часу постаць багіні Лады, альбо, як тут часьцей яе называлі, Лялі. Жаночы сілуэт з тонкім станам і высокімі грудзьмі, з залатым вянком на пышных, раскіданых на плячах кудзерках, сінія лазурыты вачэй, умела падсьветленых сьвятлом каганца, пунсовыя вусны, выразаныя з вялікага рубіна, што пажадліва-капрызна ірдзеў на твары, імклівае загібаньне сукні, нібыта багіня бегла кудысьці, — усё гэта неўпрыкмет заварожвала і настройвала на лад дрыготліва-чакальны, неспакойны, як заімглёная будучым дажджом далеч.

Ад хмельнага напою, які ў сярэбраных чашах разносілі прыслужніцы, пачыналі кружыцца галовы нават у самых моцных. А іх, зацных — славутых — людзей стольнага гораду, было тут роўна сорак. Толькі пяцёра, самых немаладых, прыйшлі з жонкамі, якія таксама хацелі бачыць абрад. Астатнія імкнуліся ў храм не па відовішча, а па тое, што давала ва ўсёй Вільні толькі яна адна — багіня Вясны і Каханьня.

Змоўклі размовы. Напружанае чаканьне тонка і настойліва прарэзала жалейка. Яна павяла сваю мелодыю, і тады разам згасла амаль палова сьвяцільнікаў, а драўляная багіня нібыта растаяла на вачах, пакінуўшы за сабой вогненны віхор, які нібыта вырваўся з апраметнай. У вочы прысутным як ударыла — і асьляпіла. Калі ж яны ачомаліся, на памосьце ўжо стаяла жывая, рухлівая і асьляпляльна-вабная жанчына.

— Нара! Нара! Вялікая жрыца! — пранеслася па зале.

Яе моцная постаць з пукатым жыватом і вялікімі грудзьмі, што бессаромна тырчэлі ў бакі, была прыкрытая адно празрыстай адзежынай, схопленай на плячах вялікімі залатымі фібуламі. На бялявых, струменліва-пераліўных валасах быў такі ж залаты вянок, што і на выяве багіні Каханьня. Доўгія мускулістыя ногі цьвёрда стаялі на невысокім сярэбраным трохножніку, які таксама невядома як і адкуль паўстаў на белым шаўковым покрыве.

Яна падняла руку — і ціхае шаргаценьне прайшло па зале: вакол яе на меншых, але таксама сярэбраных трохножніках узьняліся і ціха закачаліся, як чорныя водарасьці, чатыры вялікія, амаль у ейны рост, зьмяі. Нехта баязьліва войкнуў. Жанчына ўсьміхнулася, колькі хвілінаў пагайдалася ў такт музыкі і зьмяіных выкрутасаў, пасьля шчоўкнула пальцамі. Служкі, апранутыя ў пругкія блішчастыя апранахі накштал латаў, што аберагалі іх ад сьмяротных укусаў, адначасна вылезьлі з-пад памосту і працягнулі да зьмеяў драўляныя рыдлёўкі з доўгімі чаранкамі. На кожнай курчылася спалоханае трусяня, якое, аднак, чамусьці не спрабавала ўратавацца. Зьмеі, адна за адной, злосна і коратка дзюбнулі свае ахвяры — і трусяняты забіліся ў сутаргах. Іх, ужо ў апошніх канвульсіях, тут жа вынесьлі з зале. І зноў коратка, як па камандзе, таргануліся прысутныя — раптоўная гібель маленькіх кволых істотаў як падхліснула нешта ўнутры кожнага, як адчыніла нейкія заслоны, што стрымлівалі і аберагалі ў чалавеку чалавечае. Яны нібы адразу адчулі сябе іншымі — першабытны страх сьмерці адначасна з пажадлівасьцю да ўцехаў і асалоды ахапілі пякучымі абцугамі ўсіх — старых і маладых.