Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 19

Ольга Михайловна Ипатова

Але зноў як паўстала перад ім дзяўчынка з тоўстай касой — чыстая, юная, недасягальная Уна. А праз яе, як прабіўшыся скрозь віраваньне пажадлівага натоўпу, зусім неспадзявана глянулі яму ў душу і вочы Векшы, што нядаўна ў перадсьмяротным забыцьці нібыта ўвайшла ў яго са сваёй усьмешкай, поўнай невыказнага жалю і спазнаньня роднаснасьці абоіх. Векшы, якая глядзела з нейкае далечыні, куды яна ўжо зазірнула і таму нібыта шкадавала — усіх: яго, сябе, людзей, што зьбіраліся забіваць яе.

Чаму ў ейных вачах быў жаль? Чаму яна, якой заставалася жыць некалькі імгненьняў, шкадавала яго, які заставаўся тут, у гэтым, такім прываблівым, поўным уцехаў сьвеце?!

Ён адступіў. Вочы яго і Нары сустрэліся. Яна спачатку не зразумела, што адбылося, але ўсьмешка сышла з ейнага твару, яна павярнула галаву ўбок і падала знак адной са сваіх служак.

Кумец адступаў назад, спатыкаючыся. Адхіліў рукі ружова-белай, з сунічнымі саскамі і вогненна-гарачым лонам жрыцы, што хацела падвесьці яго да Нары, і пасьпяшаўся, паскараючы крокі, прэч, да бакавых дзьвярэй, далей ад вялікай жрыцы, якая застыла — як ужаленая адной са сваіх зьмеяў.

А дзяўчына-служка трушком пасьпяшалася за ім, і яе спрытныя рукі агладжвалі яго цела, а бессаромныя словы зьляталі з вуснаў…

Ён пабег.

Пабег, як спалоханы хлопчык, пакінуўшы цёплую, з водарам кветак і вострых пахкасьцяў залу, міма вазкоў, ужо забеленых рэдзенькім сьняжком, які віўся ў паветры, у браму, дзе на яго насьцярожана і неадабральна зірнуў вартавы.

Кумец не заўважаў холаду і таго, што ягонае бабровае футра засталося ў храме Лады, што сьнег пабяліў і ягоную галаву. Стаміўшыся ад бегу, ён, задыхаўшыся, перайшоў раку і пашыбаваў сам ня ведаючы куды. Прамінуў Дольні замак, прамінуў сьвяцілішча з вечным агнём Перуна і даліну Сьвятарога, дзе над магіламі былых вешчуноў стаяць засьнежаныя дубы. Ён сьпяшаўся, нібыта за ім гналіся, і няўцямна паднімаўся ўверх, да сьвяшчэннага Перуновага гаю.

Раптам ногі яго спыніліся. Ён быў перад брамай, вароты якой былі адчыненыя. Роўныя, ціхія сьпевы плылі з дзьвярэй, і яго як панесла да іх — да мелодыі, якая супакойвала ўскаламучаную душу і прыцягвала сэрца.

Цяжкія, каваныя жалезам дзьверы адчыніліся на дзіва лёгка і нават нібыта радасна, быццам чакалі яго даўно. Сіняваты дым ад сьвечак расплываўся ў паветры, Нестар у жоўтай парчовай рызе, са срэбным кадзілам у руцэ стаяў пасярэдзіне і ахутваў духмяным дымам людзей, якіх было недзе пад дзесяць і якія азірнуліся, каб паглядзець, хто яшчэ адважыўся далучыцца да Усяночнай службы ў вялікую ноч веснавога раўнадзенства.

Кумец, зусім нечакана для самога сябе, апынуўся ў хрысьціянскім храме Параскевы Пятніцы, і густы сьнег з яго галавы, растаючы, сьцякаў на лоб і плечы, на скураны каптан з нашытымі срэбнымі грыўнамі.

НЯЖЫЛА

Драўляная тарэла была поўная смажанага разам з цыбуляй мяса. Яна стаяла на вышытым абрусе, тоўстыя, крываватыя лусты хлеба горкай ляжалі побач. Яшчэ далей перад Няжылам вольна месьціліся на доўгім стале місы з мочаным гарохам і бобам, варанай капустай і грыбной поліўкай. За імі, па другі край стала, на дубовай лаве сядзелі Баравік і Зайка. Рэчыца, іхняя дачка, месьцілася збоку. Усе трое з любасьцю пазіралі на хлопца, але шэра-блакітныя з зялёным адценьнем вочы нявесты поўніліся асабліва адкрытай і гарачай пяшчотай.