Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 15

Ольга Михайловна Ипатова

Але пра гэта трэба думаць не цяпер. Зараз трэба ўважліва слухаць вялікую княгіню…

Расказаўшы пра свае трывогі, княгіня хацела ўжо прасіць дараваньня грахоў, але раптоўна ўзгадала:

— Пазаўчора, калі я пайшла ў скрыпторый, каб узяць там запісы аб шлюбных дамовах вялікіх князёў, да мяне падышоў Круглец, сын Леся.

— Ён часам прыходзіць у наш храм, — асьцярожна заўважыў Нестар.

— Мне цяжка запамінаць твары маладых, яны для мяне ўсе на адзін капыл. Але гэтага хлопца я добра ведаю, бо надта падобны да бацькі, — нецярпліва прамовіла Марыя. — Ён хоча пахрысьціць сваю сястру і папрасіў мяне быць ейнай хроснай маці.

— Гэта вялікая радасьць, — ажывіўся Нестар. — Яго любіць моладзь, ён разумны і рахманы. Але чаму не зьвярнуўся адразу да мяне?

— Ты для яго чужы. А мяне ён памятае яшчэ з дзяцінства. Здаецца, я яго нават трымала на руках, але зараз ужо і ня ўспомню, ці ён гэта быў. І зараз бачу яго рэдка. На баляваньні ў замак ён не сьпяшаецца, яго там я ня бачу. А на дружынныя трызны не прыходжу я.

— Дык ці зробіць ласку вялікая княгіня і ці стане хроснай маці для гэтай божай авечкі?

Марыя згодна кіўнула. У апошнія гады, калі Альгерд стаў вялікім князем у выніку змовы з Кейстутам, яна нездарма пачувала сябе тут, у даўно знаёмай Вільні, адзінокай. Колішні двор Гедзіміна, хаця і спрэс язычніцкі, абкружаў жонку княжыча пашанай: яна прынесла ў пасаг багатую Віцьбескую зямлю. Аднак пасьля таго, як памёр Гедзімін, усё памянялася. Былых прыхільнікаў засталося няшмат, а колішнія маўкліва асуджалі княгіню, бо ўважалі ўзвышэньне Альгерда за надкуртачаньне, ашуканства. Выгнаньне Яўнута і гвалтоўны захоп Вільні Альгердам і Кейстутам мучылі Марыю. Ёй усё здавалася, што, парушаючы запавет бацькі-нябожчыка, браты моцна саграшылі.

Адзінокім пачуваў сябе і Нестар. Часам, праходзячы па Вільні, чуў ён злавесны шэпт за сьпіной. Ня раз здавалася яму, што, каб ня страх перад Альгердам і не апека вялікай княгіні, язычнікі разьдзерлі б яго на кавалкі і без усялякай літасьці выкінулі сабакам.

Ён з трывогай паглядзеў на азызлы твар вялікай княгіні і, як клапатлівы бацька, беражліва накінуў на ейныя плечы цёплую вязаную хустку.

Рэчыца, стоячы ў калідоры разам са стражнікам, спакойна глядзела на дзьверы. Радасна думалася пра жаніха — надзейнага, дужага Няжылу, пра вясельле і будучых дзяцей. Але калі б зараз глянуў на яе самы вядомы ў Вільні празарліўца, вялікі жрэц Сварога Лойка, то са спачуваньнем пагладзіў бы яе па галаве і пашкадаваў бы. Ён бы ўгледзеў, што ля левага пляча дзяўчыны стаяла Нядоля, адштурхнуўшы сваю сястру, багіню шчасьця Долю, і ўсьміхалася зласьліва, таму што нічога з гэтых мараў не адбудзецца ў жыцьці высокай, белатварай, мажнай дзяўчыны, якая пяшчотна падносіць да вуснаў маленькую драўляную Мокаш, цалуючы багіню жытла і прадзіва з надзеяй хаця б на каліва шчасьця…

САРАКІ

Круглы каменны храм багіні каханьня Лады, што стаяў на левым беразе Вяльлі, недалёка ад Горняга замку, ледзь сьвяціўся ў зімовай цемрадзі слабымі жоўтымі абрысамі вокнаў — сьвятло тачылася зьнізу. Каля дзьвярэй, якія былі зачыненыя, валуны сьценаў з роўнымі палоскамі вапны слаба адлівалі вільгацьцю ў сьвятле адзінокага смаляка, схаванага пад гонтай.