Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 14

Ольга Михайловна Ипатова

Нават зараз, хаця шмат гадоў яна пражыла ў Вільні нявесткаю Гедзіміна, а цяпер ужо пяць гадоў і вялікаю княгіняй, адчувае яна, якая моцная сіла, як раць, стаіць супраць яе і мужа. Гэта перш за ўсё староньнікі язычніка Кейстута: жрацы, вешчыя старцы, сваяк Гедзіміна апантаны прыхільнік Рагуціса Ерыдоне і ўся іхняя язычніцкая купа. А яшчэ ўдава Гедзіміна княгіня Еўна, амаль ейная равесьніца і былая вялікая княгіня, і яе дзеці, самы страшны з якіх — Яўнут. Бо якраз ён законны спадкаемца на вялікім стальцы! Альгерд і Кейстут перамаглі яго, але ж Еўна да самай сваёй сьмерці не прымірыцца з гэтым!

Небясьпечная яшчэ і іншая групоўка. Яе ачольвае ваявода Пётра Гаштольд, які спавядае хрысьціянства заходняга абраду і схіляе да таго гаспадара Княства. Ня варта верыць і Кейстуту, ягонай шляхетнасьці. Тут, у Вільні, моцныя карані жамойцкага князя. Яго, якога шалёны шал вайны нясе заўсёды да перамогі, любяць болей, чым разумнага, але стрыманага і халаднаватага Альгерда. Не было б за мужам ейнага пасагу — віцебскіх харугваў, ня ўзносіла б яна разам з нешматлікімі хрысьціянамі штодзённых гарачых малітваў за яго — невядома, ці стаў бы ён вялікім князем. А іншыя браты Альгерда — яны што, зьмірыліся з ягонай перамогай?

Яна не захацела ўзгадваць далей свае трывогі, і духоўнік Нестар стаў супакойваць вялікую княгіню, хаця ў яго самога было турботна на душы. Хаця Марыя была яшчэ зусім не старая — усяго васемнаццаць гадоў, як пабралалася з Альгердам, — але твар яе пайшоў дробнымі маршчынкамі, вялікія вочы нібыта паменелі на трохі азызлым твары, скура стала нібы мяккая вільготная гліна. Мучылі вялікая слабасьць, бяссоньніца і боль у грудзях. Доктар-іншаземец Ганс ня мог справіцца з хваробай, а люд шаптаўся, што гэта помсьцяць Марыі багі, якіх яна пакрыўдзіла, асабліва ж Рагуціс і Медзін.

Нестар з болем адчуваў — неўзабаве давядзецца несьці на сабе ўвесь цяжар праўдзівай веры тут, у Вільні, аднаму, бо Гаспадар рана прыбярэ вялікую княгіню, ня жыць ёй доўга. Апроч яе, саюзьнікаў тут няма — людзі, што ходзяць у царкву, ня маюць пры двары вялікага ўплыву. З Навагародку, дзе больш за чвэртку веку заснаваная метраполія, дапамога таксама ідзе невялікая, бо там думаюць, што яму, Нестару, пад крылом вялікага князя жывецца лягчэй, чым ім. Але ў Навагародку хрысьціян здаўна болей, чым у язычніцкай Вільні, жрацы там ня маюць значнага ўплыву. У тамтэйшым храме вернікаў прываблівае Замкавая ікона Багародзіцы, якая яшчэ сто гадоў таму ў цудадзейным сьне князя Войшалка натхніла яго на прыняцьце манашскага сану.

У Вільні ж усё трэба пачынаць самому. Япіскап Вільні няроўны са жрацамі, хаця і бліжэйшы да вялікакняскага стальца, чым яны. У яго ўсяго толькі нядаўна пабудаваны храм — а да іхніх капішчаў дарога пракаветная, пракладзеная прадзедамі і дзядамі, багацьці, сабраныя таксама не за адно пакаленьне…