Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 47

Васіль Быкаў

Лёгка паранены ў абедзве нагі, маёр аказаўся бойкім на язык чалавекам. Ён марна не глядзеў у мокрую столь, як іншыя, а ўсё болей гукаў да суседзяў, хутка перазнаёміўся з байцамі і санітарамі, а да сясцёр адразу паставіўся па-сяброўску проста і весела. Праз дзень ці два да яго зачасцілі дружбакі-саслужыўцы, заходзіла часам начальства. Пры ўсёй відавочнай лёгкасці яго ран неўзабаве, аднак, камандзір папрасіў завесіць яго прасціной. Хлопцы не здзівіліся — усё ж ён быў маёр, і таму зразумелым стала яго жаданне чымсьці аддзяліцца ад байцоў, хоць гэта і не было прынята ў палаце лёгкапараненых. Просьбу маёра ўважылі. У куце паявілася адвешаная старымі просцінамі бакоўка, і з таго часу самае цікавае ў палатцы стала адбывацца там.

Іван пачаў хмурыцца, часам ледзьве падаўляў у сабе, здавалася б, беспрычынную злосць, заўважаючы, як ажывілася, павесялела Анютка, як не-не ды і забяжыць яна па якой-небудзь справе ў тую бакоўку. Маёр таксама прыкмеціў спрытненькую сястру і рознымі адзнакамі ўвагі пачаў вылучаць яе сярод іншых. Аднойчы ўвечары яна даўжэй, чым заўжды, затрымалася там. Маёр нешта ўсё расказваў ёй пра музыку, пра нейкую оперу. Анютка слухала, перапытвала і наогул з празмернай цікаўнасцю аднеслася да яго расказу. Нават спазнілася з дакладам дзяжурнаму і атрымала за тое па тэлефоне вымову.

З таго вечара яна ўжо зусім стала ранейшаю: з бесклапотнаю жвавасцю лётала па праходзе паміж насілак, пачала жартаваць з байцамі і нават заспявала аднойчы «Синенький скромный платочек». Пэўна, яна так бы і не здагадалася аб сваім вераломстве, калі б незнарок не зірнула на Івана. Мусіць, сустрэчны позірк яго праняў яе да сэрца — дзяўчына заікнулася, упусціла з рук качулку бінта і, не падняўшы яе, выбегла з палаткі. Ён, вядома, нічога не сказаў ёй, толькі думаў усё: гэта не так, не можа яна так, ён памыляецца, усё яму здаецца. Чужое каханне балючай ранай несціхана ныла ў ягонай душы, і Іван, як умеў, аберагаў яго, пакутаваў за яго, як, мусіць, не здолеў бы пакутаваць за сваё, якога яшчэ не было.

Але, відаць, ён памыляўся, супакойваючы сябе. Неўзабаве хлопец прыкмеціў, што Анютка не хоча нават сустракацца позіркам з ім і што ёй настойліва карціць зазірнуць за просціны.

Так мінула яшчэ некалькі дзён.

Аднойчы Анютка рабіла маёру ўкол. Быў ранак, яшчэ слаба развіднела, і па той бок занавесак мігцела «кацюша». Чуйны да кожнага руху ў бакоўцы, Іван хваёвым венікам вымятаў земляны праход у палатцы, як раптам згледзеў на просцінах вельмі красамоўныя цені.

Бачна было, Аыютка спалохана рванулася з учэпістых рук маёра, але затаілася і не крыкнула. Іван міжвольна скалануўся, нібы яго працяло токам, потым з невядомаю злосцю вылаяўся, кінуў пад ногі венік і пляснуўся ніцма на свій праседжаны ложак.

Ён ляжаў доўга і не чуў, што рабілася ў палатцы, не ўстаў снедаць, а калі ранішняя мітусня ўлеглася, сабраў сваё адзенне, завязаў рэчмяшок і, ні з кім не развітаўшыся, пайшоў на дарогу.