Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 48

Васіль Быкаў

Апоўдні ён быў ужо ў роце.

Старшына, які праз дзень ездзіў у медсанбат па яго прадатэстат, прывёз адтуль непрыгожую плётку пра загадкавы Цярэшкаў выбрык. Хлопцы трохі пакпілі ды і супакоіліся, а Іван усё моўчкі курыў. Ён думаў, што ніхто не зразумее, што адбываецца ў ягонай душы.

15

Першым яго адчуваннем са свету рэальнага была цеплыня.

Нават не цеплыня, а спёка, духата, парнасць. У дрымотнай свядомасці мроілася, быццам ён ляжыць на насілках у санбаце ля бочкі-печы, якую так неміласэрна расшураваў Ахметшын. Пякло, праўда, не толькі ногі, а болей галаву і плечы. Хлопец адчуваў на сабе ліпкую макрэдзь поту, вельмі хацелася павярнуцца, чымся засланіцца ад гэтай знясільваючай спёкі, і ўсё ж санлявая знямога агортвала так моцна, што не было магчымасці нават расплюшчыць вочы.

Так ён пакутаваў у дрымоце доўга, і сон тым часам пачаў адступаць, а розум патроху абуджацца і завалодваць стомленым целам. Іван паварушыўся, пацягнуўся, адкінуў руку і нечакана адчуў далонню росную прахалоду травы. Гэта здзівіла яго. Хлопец з намаганнем расплюшчыў вочы, і першае, што ўбачыў, была ярка-чырвоная кветка ля твару. Нахіленая ў бок святла, яна ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі, на краі аднаго з якіх ірдзела-іскрылася, гатовая вось-вось упасці, чысцюткая, як сляза, кропля. Лёгкі, мусіць, ранішні ветрык ціхенька варушыў доўгую тоненькую сцябліну гэтае кветкі. Недзе далей у стракатай гушчэчы травы доўга гудзеў і раптам прапаў чмель; нізкі басавіты гук яго адразу абарваўся, і тады Іван зразумеў, што стаяла поўная, на ўвесь свет, цішыня. Ад цішыні ён адвык, яна палохала. Не разумеючы, дзе ён, хлопец ірвануўся, сеў, шырока расплюшчваючы са сну балючыя вочы, азірнуўся і прыемна здзівіўся ад нябачанай, амаль казачнай прыгажосці вакол.

Увесь вялізны прасторны сонечны схіл ззяў шырокім, як возера, ярка-пунсовым разлівам альпійскага маку.

Буйныя, лапушыстыя, пэўна, не таптаныя нагой чалавека, узгадаваныя вялікаю шчодрасцю прыроды мільёны кветак пераліваліся ўрачыстаю чырванню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнулі далёка ўніз, на ўвесь прасцяг гэтага затуленага гарамі лугу — аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў. Іван, аднак, зірнуў далей, наперад, куды трэба было ісці, і ўраз спахмурнеў. Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет. Мусіць, ён быў куды вышэй за пяройдзены, што дзвюма спарышамі-вышынямі тырчаў ззаду, бо, не зважаючы на высокае ўжо сонца, цень ад яго празрыстаю сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны. Не заслонены цяпер нічым, ён, бадай, як і ўчора, заставаўся далёкім, аграмадназіхоткім і недаступным.

I тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні, у голаў ударыў спалох: дзе Джулія? Ён зноў крутнуўся ў доле, зірнуў сюды-туды — наўкола нікога не было. Побач, у вытаптаным сярод маку лаўжы, адзінока ляжала разасланая скуранка. Іван ляпнуў сябе па запазусе — там было пуста, полы курткі няроўна выбіліся са штаноў. Але першая трывога яго тут жа апала — пісталет і абкрышаная трэць буханачкі, пэўна, захінутыя ад сонца рукавом скуранкі, ляжалі ў траве. Тады ён ускочыў на ногі, ліхаманкавым позіркам пачаў аглядаць схіл унізе, тужлівая самота шыбанула ў яго адчуванне — дзе яна? У душы зацьмела вельмі нядобрая здагадка, але ён не мог паверыць у тое. Чаму не мог, ён пэўна не ведаў, ён толькі не хацеў таго — ён хацеў бачыць, чуць, адчуваць яе побач. Адзінота нечакана засмуціла яго горш за якую няўдачу.