Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 46

Васіль Быкаў

За доўгія зімовыя вечары, праведзеныя ў санбаце, ён бадай зусім адвык жартаваць, усміхацца, толькі бясконца смактаў цыгарку з маршанкай ды глядзеў на агністае мільганне ў печы, змайстраванай з жалезнае бочкі, якую да чырвані напальваў санітар па прозвішчу Ахметшын. З Анюткай пасля таго вечара яны амаль што не размаўлялі, і без таго вельмі добра адчуваючы душэўны стан адно аднаго. Пачаўшы пасля нядаўняга перапынку дзяжурыць, яна зусім страціла сваю заўсёдную жвавасць і стала не па гадах задуменнай і строгай. Агульнае гора зрадніла іх ціхай маўклівасцю. Іван у чым-колечы памагаў ёй у час яе дзяжурстваў. Хлопцы разумелі ўсё, і, хоць ён ніколі ні з кім не сварыўся, ніхто з іх не распускаў пры ім языка наконт гэтай дзяўчыны.

Калі трохі падгаілася рана, ён падвязаў на грудзях руку і стаў выходзіць з палаткі — разам з Ахметшыным брыў на ўзлесак да зруйнаванае вёскі, дзе быў вялізны нямецкі могільнік, пакінуты фашыстамі ў час мінулагодняга адступлення. Сотні, а можа, тысячы крыжоў выстраіліся гектарах на дзесяці, як ні зірні — удоўж, упоперак або наўкос — усё роўненькія, як на парадзе, рады. Хлопцы секлі крыжы і валаклі да палатак. Яны былі з неакоранай падсохлай бярозы і добра гарэлі. Паліць імі печы стала любімым заняткам Івана: дужа ўжо спакойна было глядзець, як старанна нішчыў агонь апошні гэты напамінак аб чорнай навалачы, што прыдбала сабе такі бясслаўны канец на рускай зямлі. Звычайна позна ўвечары, управіўшыся са справамі, Анютка садзілася да яго на насілкі і таксама пазірала ў агонь; хто-небудзь у гэты час апавядаў у цёмным кутку пра страшнае з вайны або пра вясёлае з даваеннага мінулага. I так было добра.

Але час ішоў, параненыя ў санбаце мяняліся: адных эвакуіравалі далей у тыл, другія, падгаіўшы раны, выпісваліся на перадавую, і аднойчы невялікая на першы погляд перамена ўраз парушыла ўвесь лагодны спакой гэтай палаткі.

Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўвахода ў палатку пачуліся галасы, тупат і двое санітараў увалаклі насілкі з параненым. На насілках пад кажушком ляжаў маладжавы яшчэ камандзір з дзвюма шпаламі ў чорных пятліцах (як даведаліся потым, быў ён з танкавай часці, якая падтрымлівала іх дывізію). Маёра пачалі ўладкоўваць у куце, распараджаўся гэтым сам камісар санбата. Іван трохі падзівіўся з такое ўвагі і панёс сабе посуд. Калі ж ён неўзабаве вярнуўся, маёр ужо сядзеў на насілках. Угрэўшыся, ён скінуў з сябе аўчынную камізэльку, і з-пад яе на шырокіх грудзях важна бліснула бадай што паўтузіна ордэнаў. Хлопцы ў палаце прыціхлі і з цікаўнасцю павярнулі галовы ў яго бок.