Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 49

Васіль Быкаў

Ён схапіў пісталет, хлеб, згроб пад паху скуранку і сігануў у траву. Росныя высокія кветкі казытнулі яго распухлыя, падзёртыя і пазбіваныя ступні; ён зірнуў у дол, успомніўшы пра калодкі, але іх не было. Тады зноў трывога ахапіла яго — няўжо?.. Босы, ён хутка пакрочыў па лузе ўніз, ляскаючы нагамі ў суцэльных суквеццях маку, адышоўся па схіле далёка, затым раптам спыніўся, азірнуўся — ззаду ў густых зараслях кветак адзначыўся яго след. Наўкола ляжала не кранутае жывою істотай чырвонае мора.

Гэта надало пэўную думку. Іван перахапіў пад пахай адзежыну і хуткім крокам вярнуўся да лаўжа.

Сапраўды, у роснай траве прыкметны быў шнурок другога следу — ён бег некуды ўбок, туды, дзе — відаць было адгэтуль — зачынаўся распадак, і Іван таропка рушыў па гэтай слабай адзнацы яе ног. Ступні і штаніны яго хутка замакрэлі ад расы, наўкола скрозь быў чароўны ў сваім сонечным харастве мак. Ад моцнага духмянага паху п’янела галава, як заўжды, вельмі хацелася есці, ад стомы і слабасці крыху мутнела ўваччу. Але гэта былі прывычныя адчуванні. Дужае ад прыроды, загартаванае ў нягодах Іванава цела як-колечы супрацьстаяла ім, ён адчуваў, што сілы ў яго яшчэ былі.

З трывогай у душы, хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распадка-раўка наперадзе да яго данёсся шум вадаспада. Хутка ён узбег на травяністую выспу, шум гэты стаў зусім блізкі; з чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся зіхоткі струмень вады. Навокал у туманным мроіве мітусіліся драбнюткія пырскі, і, пэўна, ад іх убаку на змрочным каменным фоне вісеў у паветры каляровы кавалачак самай сапраўднай вясёлкі. Безуважны, аднак, да гэтай нечаканай шчодрасці гор, Іван падняўся на пагорак вышэй і тады раптам унутрана ахнуў, спыніўся, прыгнуўся долу і замёр. За паўсотню крокаў адгэтуль пад дажджыстым вадзяным россыпам, захінуўшыся аднымі толькі рукамі, спіной да яго стаяла на камяні і мылася Джулія.

Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.

Не ў стане адолець у сабе чагосьці сарамяжліва-радаснага, Іван паціху апусціўся ў траву, лёг на спіну, перавярнуўся, — над ім гэтак жа перавярнулася чысцюткае, без адзінага воблачка неба. Волкая прэласць зямлі хмельнаю брагай ударыла і закружыла голаў. Хлопец выцягся пластом на травяністым прахладным дзірване і ад прадчування чагосьці неўсвядомлена-радаснага ціха, сам сабе засмяяўся.