Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 45

Васіль Быкаў

Можа, у тым, аднак, ён і не быў вінаваты. Недахоп уласнага вопыту часам кампенсуецца прыкладам знаёмых ці блізкіх. Здарылася так, што перад Іванавымі вачыма прамільгнуў вельмі яскравы выпадак з жыцця, які надоўга засмуціў яго нявер’ем і скепсісам.

Гады два назад на Паўночна-Заходнім фронце ён быў паранены адначасна са сваім ротным, старшым лейтэнантам Глебавым, у якога паўгода служыў ардынарцам.

Параніла іх у лесе, калі ротны ішоў на нараду да камандзіра палка. Цярэшка з рассечаным плячом вывалак яго з-пад агню, перавязаў, потым па снезе данёс да дарогі, на якой іх і падабралі абознікі. Іван з сваёй лёгкай ранай увогуле адчуваў сябе ніштавата, а вось з ротным справа была куды горш. Старшы лейтэнант збялеў як палатно, амаль не размаўляў, толькі папрасіў, каб адправілі адразу ў шпіталь, мінаючы дывізійны санбат. Ардынарац разумеў турботы камандзіра — Глебаў не хацеў палохаць Анютку, тоненькую, з шырока раскрытымі вачыма дзяўчынку, нядаўняга санінструктара іхняе роты, а цяпер медсястру ў санбаце. Усе ведалі, што ў яе з Глебавым не якая там гульня ў заляцанкі, а самае сапраўднае каханне — менавіта таму ротны дамогся яе пераводу ў санбат, дзе было ўсё ж зацішней, чым на перадавой. Аўтаматчыкі роты таксама па-свойму любілі дзяўчыну — паважаючы камандзіра, мусілі паважаць і яго каханне. Што датычыць ардынарца Цярэшкі, дык ён, бліжэй за іншых быўшы ля ротнага, дужа прывязаўся да гэтай дзяўчыны.

Так сталася, аднак, што абмінуць санбат было нельга. Дзе ўжо там везці параненага ў шпіталь, калі Іван спалохаўся нават, ці паспеюць яны дабрацца хоць да санбата. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе, а Іван усё пакрыкваў на ездавога — старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той паганяў хутчэй. Глебаў пачаў забывацца, трызніць, лаяцца, ардынарца ён не пазнаваў ужо, як не пазнаў і Анюткі, якая з крыкам упала на сані, калі яны пад’ехалі ўрэшце да вялізнай брызентавай палаткі санбата.

Гэта быў дужа пакутны вечар. Іван на ўсё жыццё запомніў кожную драбніцу яго — зорнае марознае неба, змрочныя елкі, неадлучны пах дыму, ціхую гаману людзей у палаце і болей за ўсё — вялікае, няўцешнае гора Анюткі. Яе не пусцілі ў аперацыйную, але ў накінутым на плечы кажушку яна ўсё імкнулася туды і ўсё спыняла сясцёр, што выходзілі з маленькай палаткі. Іван таксама сядзеў на пяньку ля ўвахода і, забыўшыся на боль свае раны, лавіў кожную вестку аб стане ротнага. А весткі былі кепскія — аперыравалі старшага лейтэнанта доўга і цяжка, пералівалі кроў, бегалі па фізіялагічны раствор. Адчувалася ўстрывожанасць, мітусня, напружанне, медыкі стараліся — і для Анюткі, вядома, і таму, што начальства ў дывізіі ведала Глебава і цаніла яго. Іван чакаў доўга. Анютку не суцяшаў, самому было болей чым кепска, толькі курыў, пакуль не апусцеў партабак.

Глебаў памёр у час аперацыі, яму нават не паспелі накласці швы.

Ад нечаканага гора нешта спарахнела ў Іванавай душы. Хлопец сам ажно дзівіўся, што гэтак трудна абышлася яму тая страта — лічыў, што яго псіхіка за вайну даволі прывыкла да смерцяў. Мусіць, яго перажыванні множыліся чужым горам. Анютка некалькі дзён не дзяжурыла, не паказвалася да параненых, і ніхто яе не асуджаў за гэта, — наадварот, хлопцы на ложках-насілках у вялізнай, як пуня, палатцы з павагаю казалі аб такой дзявочай прывязанасці. Іван толькі маўчаў. У гэты час у яго, пэўна, і нарадзіліся своеасаблівыя адносіны да яе. Не, гэта было зусім не каханне; тое, што ён адчуваў, хутчэй нагадвала ўдзячнасць дзяўчыне за яе беражлівасць да свежай памяці ротнага.