Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 41

Васіль Быкаў

Джулія, учуўшы яго паблізу, здрыганулася і спалохана ўскінула галаву.

— Іван?

— Я.

Яна, відаць, нешта западозрыла і насцярожылася.

— Почему?..

Ён, не адказваючы, скінуў тужурку.

— На. Надзявай.

Усё не ўстаючы з месца, яна хуценька захінулася ў тужурку; ён, намагаючы, прытрымліваў рукавы і, калі яна ўправілася, тузануў дзяўчыну за локаць.

— Ідзі сюды.

Яна ўпарта адхіснулася, вырвала локаць і застыла, як бы баючыся яго рук. З-пад броваў строга зірнула ў яго твар.

— Ідзі сюды.

— Но.

— Ат, нон мне яшчэ…

Ён адным рыўком упоперак абхапіў яе дрыготкае тоненькае цела, ускінуў на плячо. Яна рванулася, затрапятала, як рыба, забілася ў яго руках, нешта загаманіла, а ён, не зважаючы на гэта, закінуў яе за спіну і ўхапіў пад калені рукамі. Яна раптам перастала біцца, заціхла, каб не ўпасці, таропка ашчаперыла яго за шыю, і ён адчуў на шчацэ яе цёплае дыханне і пякучую кроплю, якая заказытала-пакацілася па шыі за ягоны каўнер.

— Ну, ладна. Ладна… Як-небудзь…

Яна, сцішыўшыся, прыціснулася да яго шырокай спіны і задыхнулася. Ён і сам задыхнуўся, але не ад ветру — ад нечага незнаёмага, уладарна-лагоднага, вялікага і надзіва бездапаможнага адначасна, што захліснула яго. Нядаўні намер пакінуць яе цяпер аж спалохаў яго, і хлопец, цяжка загрукаўшы калодкамі, рушыў угору.

13

Снег ужо густа абсыпаў голы камяністы дол. Калодкі слізгалі па сцежцы; і на крутых мясцінах, каб не зваліцца з ношаю, Іван стараўся ісці бокам, як лыжнік, падымаючыся на схіл. Спачатку ён не адчуваў цяжару яе маленькага цела, трохі падтрымліваў яго пад калені і, угнуўшыся, з незразумелым запалам лез угору. Але неўзабаве ён адчуў, што трэба спыніцца, выпрастацца, уздыхнуць, — грудзям вельмі не хапала паветра. Праўда, ён угрэўся. Разгарачанаму целу ніпачым стаў зусім азвярэлы вышынны вецер, унутры таксама ўсё гарэла, гаркота ад стомы раздзірала лёгкія.

Мусіць, перавал быў ужо блізка, бо пад’ём патроху выраўноўваўся. Сцяжына лезла ўжо без крывуляк па голым, дужа заснежаным скалістым узлобку, справа высілася нешта стракатае — пэўна, шэрая грамада той, меншай вышыні. Значыць, яны дабіраліся да седлавіны. Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, хоць звінела, магчыма, у вушах. Мароз, напэўна, тут памацнеў, ад сцюжы болей за ўсё дапякала рукам і каленям.

Добра яшчэ, што не было макрэдзі, крупчасты снег не асядаў на вопратцы; вецер балюча сек ім па тварах і з вялізнаю хуткасцю нёсся далей. Горы гулі і стагаалі.

Трэба было адпачыць, але Іван адчуваў, што калі ўпадзе ў снег, то, напэўна, болей ужо не ўстане. I ён валок Джулію так гадзіну ці болей, маленькімі крокамі патроху ўзнімаючыся па пятлястай сцяжыне. Джулія ўвесь час моўчкі тулілася да яго, палыды яе на ягоных грудзях часам уздрыгвалі — ён добра адчуваў гэтыя рукі таксама, як і ўсё яе цела, ягоную цеплыню на спіне. I, дзіўная рэч, не зважаючы на стому, на нядаўнюю сварку і сваю злосць, яму было добра. Каб толькі болей сілы, ён згодны быў бы несці яе так, прытуленую і пакорную, далёка-далёка.