Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 40

Васіль Быкаў

Джулія маўчала.

— Дык што, пайшлі?

— …

— Ну, якога чорта маўчыш? — здрыгануўшыся ад сцюжы, пачаў ён траціць цярпенне. — Замерзнеш жа, дурніца. Варта было ўцякаць, столькі лезці пад самае неба?

Яна маўчала.

— За што тады хлопцы сябе ўзарвалі? Той бомбай. Каб хоць хто-небудзь уцалеў. А ты ўжо і скісла.

Ён скочыў, адчуваючы, што да нутра прамёрз на гэтым ветры, захадзіў па сцяжыне — на шэрым посыпе адбіліся цьмяныя сляды яго босых ног. Добра яшчэ, што не было марозу, але пад ранак, мусіць, падмарозіць, і тады яны тут прападуць. Іван рашуча спыніўся ля Джуліі.

— Дык не пойдзеш?

— Но, Іван.

— Ну, як хочаш. Прападай, — са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: — Давай клумпес!

Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло.

— Скідай і тужурку.

Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей.

Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе.

Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю.

Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала.

Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе.

— Што ж, бывай!

— Чао! — сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна.

Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне — нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, — сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. — Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба — на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць — па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, — яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму?

Ён таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб ёй, пакінутай унізе, але ўсё не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Нешта падспуднае ў душы жыло іншаю логікай, ногі неўзабаве замарудзілі крок, ён азірнуўся, раз, другі — яна ледзьве прыкметнаю плямкай усё сядзела на схіле, і яе пакорлівая бездапаможнасць перад яўнай пагібеллю раптам зрушыла, скрышыла ўвесь нядаўні ягоны намер. Іван, сам таго не жадаючы, павярнуўся і, заляскаўшы па сцяжыне калодкамі, пабег уніз.