Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 43

Васіль Быкаў

— Руссо аллес, аллес вундэршон? Да?

— Да, да, — згаджаўся ён, бо размаўляць аб сабе не прывык, да таго ж сцежка, здавалася, вось-вось гатова выраўняцца, ішлі апошнія метры пад’ёму, і ён хацеў адолець іх як мага хутчэй.

— Правда, Іван хотель пугат Джулія? Да? Іван но бросат?

Ён ніякавата ўсміхнуўся ў цемры і з упэўненасцю, у якую гатовы быў сам паверыць, сказаў:

— Ну, ведама ж…

— Тяжело, да?

— Не, што ты! Як парушынка.

— Что ето — парюшынка?

— Ну, пушок. Такая маленькая, маленькая пушынка.

— Ето малё, малё?

— Ну.

Ён ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Ягоную шыю невымоўна лагодна казытала ззаду яе цеплаватае дыханне. Гнуткія тоненькія пальцы яе раптам пагладзілі яго па грудзях, і ён аж здрыгануўся ад гэтай нечаканай пяшчоты.

— Ты научіть меня говоріть свой язік?

— Беларускі?

— Я.

Ён засмяяўся: такім незвычайным тут здалося яму гэтае пытанне.

— Абавязкова, — сказаў ён жартоўна. — Вось прыйдзем у Трыест і пачнём…

Гэтая жартоўная думка раптам узняла ў ім цэлы рой незвычайных, радасных адчуванняў. Няўжо і сапраўды ім пашанцуе дабрацца ў Трыест, да партызан? Калі б гэта здарылася, яны б не рассталіся — яны пайшлі б у адзін атрад, яна стала б для яго роднаю і блізкаю. Як гэта важна на чужыне — родны, свой чалавек побач. Ён толькі цяпер стаў адчуваць яе ласкавую прыхільнасць да яго, і яна не здалася яму нежаданай або залішняй. Ён адчуў, як знябыўся за вайну ў адзіноце, — салдацкае таварыства было ўсё ж з інакшае катэгорыі адносін. Між імі нарадзілася нешта сястрынскае, нават мацярынскае, тут не трэба было ні слоў, ні ўчынкаў — адно толькі пачуццё блізкай суладнасці напаўняла яго шчаслівасцю.

Яны ўвайшлі ў седлавіну. Схілы вяршынь ужо высіліся па абодва бакі, сцежка трохі паднялася яшчэ і скіравалася ўніз. У шэрай начной цемені, мільгаючы, сыпаў рэдкі дробненькі сняжок.

— Пераваль? — страпянулася на спіне Джулія.

— Перавал, ага.

— О мадонна!

— Ну, а ты казала: капут. Бач, дайшлі.

Ён спыніўся, нагнуўся, каб паддаць яе вышэй, але яна рванулася з яго спіны.

— Джулія сам. Граціе, данке, спасібо…

— Куды ты босая? Сядзі!

— Но сіді. Іван усталь.

— Ладна. З гары лёгка.

Ён не пусціў яе ногі, і яна зноў ашчаперыла яго шыю, мацней прыпала шчакой да яго няголенай, шорсткай сківіцы і пальцамі памацала такі ж шорсткі падбародак,

— О, річчо! Еж! Колуча.

— У Трыесце паголімся.

— Тріесте… Тріесте… Партіджяно Тріесте… Іван, Джулія тэдэскі тр-р-р-р! Фашісто сволоч! — казала яна, і ён з прыцьмелаю ўсмешкай слухаў, старанна выбіраючы дарогу.

Аднак ісці ўніз было ненамнога лягчэй, чым угору. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені; грудзям, праўда, стала вальней. Ногі самі неслі ўніз, і хаду трэба было замаруджваць, на гэта ішло нямала сілы. I Іван рашыў не стрымлівацца. Дзе хуткім крокам, а дзе і подбегам ён шпарка сігаў па сцяжыне, сям-там прыпыняючыся, і Джулія на яго спіне аж палохалася.

— Ой-ой, Іван!

— Нічога. Трымайся.

— Ой! Ой!!

Вецер тут, аднак, чамусьці стаў меншы, угары і навокал быццам пацішэла, ад таго, напэўна, здалося, што і пацяплела. Куды вяла сцежка і што іх чакала наперадзе, убачыць, аднак, было нельга.