Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 39

Васіль Быкаў

Ён памаўчаў.

— Як гэта, баста? Ану, уставай!

— Нон уставай. Нет уставай.

— Ты што — жартуеш?

— …

— Ану, падымайся! Яшчэ трошкі і — перавал… А ўніз ногі самі пабягуць.

— …

— Ну, ты чуеш?

— Фініта. Нон Джулія марш. Нон.

— Разумееш, нельга тут спыняцца. Акалеем. Бач, снег.

Аднак словы яго на яе не дзейнічалі! Ён бачыў, як яна знемагла, і адчуваў бяссілле свае логікі. Але як яшчэ можна было прымусіць яе ісці? Падумаўшы крыху, ён запусціў руку за пазуху, выцяг адтуль абкрышаную рэштку буханкі і, адвярнуўшыся ад ветру, вельмі ашчадна адламаў кавалачак мякіша.

— На вось хлеба. З’еш!

— Хляб?

Яна нібы страпянулася, адразу ўзняла голаў. Іван сунуў у яе рукі кавалачак, і яна, некалькі разоў укусіўшы, з’ела яго.

— Яшчэ хляб?

— Не, болей не дам.

— Малё, малё хляб. Дай хляб! — бы дзіцё, капрызна папрасіла яна.

— На перавале яшчэ дам.

Яна адразу панікла ў змрочным доле і знерухомела.

— Нон переваль.

— Які чорт нон?! — раптам вызверыўся ён, стоячы насупраць. — Ану, уставай. Ты што ўздумала? Замерзнуць? Каму ты гэтым зло зробіш? Немцам? Ці ты хочаш ім услужыць — вярнуцца ў лагер? Ага, яны там чакаюць. Пакажаш, куды Іван пайшоў! — крычаў ён, захлынаючыся ад моцных парываў ветру.

Яна, усё не мяняючы паставы, ускінула галаву.

— Нон лягер.

— Не пойдзеш у лагер? Куды ж тады ты пойдзеш?

Яна змоўчала і зноў панікла, сабралася ўся ў маленькі жывы камячок.

— Замерзнеш жа! Дзівачка! Прападзеш да ранку, — крыху памякчэўшы, сказаў ён.

Яна маўчала.

Вецер усё сыпаў снегам. Снег, праўда, быў рэдкі і дробненькі, але наваколле спакваля ўсё ж пасвятлела, шараватыя плямы скрозь прабівалі чарнату ночы, стала лепей відаць. Цела, аднак, у спакоі пачало хутка астываць і раз за разам здрыгвацца ад сцюжы.

— Ану, уставай! — Іван шкуматнуў яе за скуранку і па-армейску сурова скамандаваў: — Устаць!

Яна, памарудзіўшы, знямогла паднялася, ступіла калодкамі і паціху павалаклася за ім, каб не ўпасці, хапаючыся за камяні і аслабела хістаючыся ад парываў ветру. Іван, насупіўшыся, памалу ішоў да сцежкі. Ужо ён стаў думаць, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што яна разыдзецца, што найгорш у такім яе стане збіцца з рытму, хоць бы і прысесці, — тады куды як трудна падняцца на ногі. Яны падышлі да сцяжыны, калі моцны парыў ветру секануў па тварах крупкай, ударыў у грудзі. Абое яны задыхнуліся, а Джулія ўпала.

Ён спачатку памкнуўся быў памагчы ёй устаць, узяў за руку, але яна не ўставала, пачала кашляць, пасля доўга аддыхвалася і ўрэшце, сеўшы ў доле, са спакойнай рашучасцю канчаткова прынятага рашэння аб’явіла:

— Джулія фініта. Аллес. Іван Тріесто. Джулія нон Тріесто. Аллес нон.

— I не падумаю.

Ён адышоўся крыху ўбок і таксама сеў на выступ скалы.

— А яшчэ гаварыла: камуністка, — папракнуў ён. — Панікёр ты.

— Джулія нон панікіор, — зазлавалася дзяўчына. — Джулія партыджано.

Іван прыкмеціў ноткі крыўды ў яе голасе і рашыў выкарыстаць іх. «Можа, гэта разварушыць яе», — падумаў хлопец.

— Панікёрша, а то хто ж ты?

— Джулія нон панікіор. Сілы малё.

— А ты цераз сілу, — пацішэўшы, сказаў ён. — Знаеш, як аднойчы на фронце было? На Остфронце. Куды ты збіралася. Акружылі нас фрыцы ў хаце. Не выйсці. Б’юць з аўтаматаў у вокны. Крычаць: «Рус, здавайся!» Ну, наш узводны Пятрэнка таксама аллес кажа. Капут. А ротны Белашэеў як закрычыць: «Стой! Не для таго нам зброю далі. Ану, — кажа, — прарывацца». Выскачылі мы ўсе разам у дзверы, як ударым з аўтаматаў і пад плот, за вуглы. I што ты думаеш: вырваліся. Пяцёра, праўда, палеглі. Белашэеў таксама. Але ж чацвёра ўратаваліся.