Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 42

Васіль Быкаў

Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Іван адразу збочыў са сцежкі і, коўзаючыся калодкамі на камянях, скіраваў да яго. Джулія маўчала, цесна тулілася шчакой да яго шыі. Ля каменя Іван павярнуўся і прысланіў да яго дзяўчыну. Рукі яе пад яго падбародкам разняліся, плечы адчулі сябе вальней, і толькі тады ён зразумеў, якая яна ўсё ж цяжкая.

— Ну, як ты? Замерзла?

— Но, но.

— А ногі?

— Да, — ціха сказала яна. — Нёгі да.

Прытым яна выглядала неяк надзвычай для свайго характару прыціхлай, нібы вінаватай перад ім у чымсьці. Ён адчуваў гэта, і яму хацелася нейкай дабратою, ласкаю супакоіць яе. Толькі вось лагоднасць дужа не ішла з ягонай душы, бы засохла там, і знешне ў адносінах да дзяўчыны ён па-ранейшаму быў дужа стрыманы.

Не паварочваючыся да яе тварам, ён намацаў рукамі яе ногі — яны былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя, сцюдзянейшыя за яго пальцы. Ад ягонага дотыку яна ціха войкнула і тузанула іх да сябе.

— Э, так нельга, давай сюды.

Яна, відаць, не зразумела, а ён крыху зручней пасадзіў яе на скале і сабраў з долу прыгаршчы снежнай крупкі.

— Ану, давай патрэм…

— Но, но!

— Давай, чаго там «но», — нязлосна, але настойліва сказаў ён, згроб адну нагу, зашчаміў яе між сваіх калень, як гэта робяць кавалі, падкоўваючы коней, і стаў церці снегам.

Джулія завойкала, заенчыла, тузанулася, — ён засмяяўся.

— Ну, што ты? Шчыкотна?

— Болна. Болна.

— Пацярпі трошкі. Я ціха.

Стараючыся як мага ашчадней, ён трохі адцёр адну яе маленькую, нібы дзіцячую, ступню, потым узяўся за другую. Спярша дзяўчына стагнала, войкала, але ўрэшце прыціхла.

— Ну як, цёпла? — запытаў ён, выпростваючыся.

— Тепло, тепло. Спасібо.

— На здароўе.

Яна ўхутала ногі поламі скуранкі, а ён, на хвіліну прысланіўшыся спіною да настылага каменя, утаймаваў крыху дыханне. Але ў спакоі адразу стала холадна, вецер лёгка пранізваў яго тоненькую куртку, якая зусім не трымала цяпла.

— Хлеба хочаш? — запытаў ён, успомніўшы іх ранейшую размову ўнізе.

— Но, — адразу ж адказала яна. — Джулія но хляб. Іван эссен хляб.

— Так? Тады паберажом. Спатрэбіцца, — сказаў Іван.

Адчуваючы, што мерзне, ён з вялікім намаганнем прымусіў сябе ўстаць і падставіў спіну дзяўчыне.

— Ну, бярыся.

Яна моўчкі, але з гатоўнасцю абхапіла яго за шыю, прытулілася, і яму адразу стала цяплей.

— Іван, — ціха праз вецер сказала яна, дыхнуўшы цяплом у ягонае вуха. — Ті вундэршон!

— Які там вундэршон!

Аднак яна, відаць, трохі асвойталася ў яго на спіне, вярнула сваю настойлівасць, асмялела, адчуўшы яго добрасць да сябе, і пытала: